﻿ЗАХАРЫЯ.
11.
Адчыні, Лібане, дзьверы свае, і пажарэ агонь кедры твае. 
Галасі, кіпарысе, бо кедр упаў, бо слаўныя зруйнаваныя; галасіце, дубы Башану, бо паваліўся лес непраходны. 
Голас ляманту пастухоў, бо гонар іхні зруйнаваны; голас рыканьня львянятаў, бо зруйнаваная веліч Ярдану. 
Гэтак кажа ГОСПАД, Бог мой: «Пасьві авечкі, якія на зарэз, 
якіх рэжуць тыя, якія купляюць іх, і не вінаватыя, а тыя, што прадаюць іх, кажуць: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, што я ўзбагацеў!” І пастухі іхнія не шкадуюць іх. 
Бо Я ня буду болей шкадаваць жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД. І вось, Я аддам чалавека, кожнага ў руку бліжняга ягонага і ў руку валадара ягонага, і яны будуць таўчы зямлю, і Я ня вызвалю з рукі іхняй». 
І я пачаў пасьвіць авечак, якія на зарэз, бедных авечак. І я ўзяў сабе два кіі. Адзін я назваў “Хараство”, а другі назваў “Згода”, і пасьвіў авечак. 
І я прыбраў трох пастухоў за адзін месяц, і адвярнулася душа мая ад іх, і таксама душа іхняя грэбуе мною. 
І я сказаў: «Ня буду пасьвіць вас. Тая, што мае памерці, няхай памірае, і тая, што мае загінуць, няхай гіне, а пазасталыя няхай ядуць цела адна адной». 
І я ўзяў кій свой “Хараство”, і зламаў яго, каб разарваць запавет мой, які я заключыў з усімі народамі. 
І ён быў разарваны ў той дзень, і гэтак даведаюцца бедныя авечкі, якія пільнуюцца мяне, што гэта — слова ГОСПАДА. 
І я сказаў ім: “Калі гэта добра ў вачах вашых, дайце плату маю; а калі не, пакіньце сабе”. І яны адважылі плату маю — трыццаць срэбнікаў. 
І сказаў мне ГОСПАД: «Кінь іх для ганчара, ладная цана, якою яны ацанілі Мяне!» І я ўзяў трыццаць срэбнікаў, і кінуў іх у Доме ГОСПАДА для ганчара. 
І я зламаў другі кій свой — “Згоду”, каб разарваць братэрства паміж Юдам і Ізраілем. 
І сказаў ГОСПАД мне: «Зноў вазьмі сабе рэчы пастуха бязглуздага. 
Бо вось, Я пастаўлю ў зямлі пастуха, які авечкі, якая прападае, не наведае, згубленай ня будзе шукаць, пакалечанай ня будзе лячыць, здаровай ня будзе карміць, але мяса сытых будзе есьці і капыты іхнія будзе адрываць. 
Гора пастуху нягоднаму, які пакідае авечак! Меч на рамяно ягонае і на правае вока ягонае! Рамяно ягонае сухасьцю ссохне, і правае вока ягонае цемраю зацемрыцца». 
