﻿ЗАХАРЫЯ.
10.
Прасіце ў ГОСПАДА дождж у час позьняга дажджу. ГОСПАД блісьне маланкаю і дасьць залеву даж­джу, дасьць кожнаму траву ў полі. 
Бо балваны гавораць беззаконьне, і прадказальнікі бачаць хлусьню і распавядаюць пра сны марныя, пацяшаюць марнасьцю. Дзеля гэтага яны бадзяюцца, як авечкі; яны прыгнечаныя, бо няма пастыра. 
На пастыраў Я загневаўся гневам Маім, і казлоў Я наведаю, бо наведае ГОСПАД Магуцьцяў чараду Сваю, дом Юды, і паставіць іх, як слаўнага каня Свайго на бітву. 
З яго — кутні камень, з яго — калок намёту, з яго — лук баявы, з яго выйдуць усе кіраўнікі разам. 
І яны будуць, як волаты, якія топчуць вулічнае балота ў бітве, і будуць ваяваць, бо ГОСПАД з імі, і асаромяць вершнікаў на конях. 
І Я ўмацую дом Юды, і дом Язэпа выбаўлю, і вярну іх; бо Я зьлітуюся над імі, і яны будуць, быццам Я не кідаў іх, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні, і Я адкажу ім. 
І будзе Эфраім, як волат, і ўзрадуецца сэрца іхняе, як ад віна. І сыны іхнія ўбачаць і ўзрадуюцца; сэрца іхняе будзе цешыцца ў ГОСПАДЗЕ. 
Я засьвішчу ім і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх, і яны бу­дуць множыцца, як множыліся раней. 
І Я расьсею іх паміж народамі, але ў зямлі далёкай яны будуць узгадваць Мяне, і будуць жыць з сынамі сваімі, і вернуцца. 
І Я вярну іх з зямлі Эгіпецкай, і з Асірыі зьбяру іх, і ў зямлю Гілеад і на Лібан прывяду іх, і ня будзе хапаць месца для іх. 
І ён пройдзе праз мора нядолі, і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпадзе пыхлівасьць Асірыі, і скіпетр Эгіпту будзе забраны. 
І Я ўмацую іх у ГОСПАДЗЕ, і ў імя Ягонае яны будуць хадзіць, кажа ГОСПАД. 
