﻿ЗАХАРЫЯ.
7.
І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Дарыя, і было слова ГОСПАДА да Захарыі ў чацьвёрты дзень дзявятага месяца Кісьлеў. 
І паслалі з Бэтэля Шарэцэра і Рэгэм-Мэлеха і людзей іхніх маліць аблічча ГОСПАДА, 
каб сказаць сьвятарам, якія ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў, і прарокам, кажучы: «Ці маю я плакаць у пятым месяцы з пасьвячэньнем, як я рабіў гэта шмат гадоў?» 
І было да мяне слова ГОСПАДА Магуцьцяў, кажучы: 
«Кажы ўсяму народу і сьвятарам, кажучы: “Калі вы посьцілі і былі ў жалобе ў пятым і ў сёмым месяцы гэтыя семдзясят гадоў, ці вы для Мяне постам посьцілі? 
І калі вы елі, і калі пілі, ці ж ня дзеля сябе вы елі і пілі? 
Ці ж гэта ня тыя словы, якія абвясьціў ГОСПАД праз рукі прарокаў ранейшых, калі Ерусалім быў заселены і ў супакоі, і гарады ягоныя вакол яго, і Нэгеў, і Шэфэля былі заселеныя?”» 
І было слова ГОСПАДА да Захарыі, кажучы: 
«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: “Судзіце суд паводле праўды і будзьце літасьцівыя кожны да брата свайго. 
І ўдавы, і сіраты, і прыхадня, і беднага не ўціскайце, і зла ня думайце супраць брата свайго ў сэрцы сваім”. 
Але яны адмовіліся прыхіліць вуха і павярнуліся бунтоўна сьпінаю, і вушы свае зрабілі цяжкімі, каб ня чуць, 
і сэрцы свае зрабілі як крэмень, каб ня чуць Закону і словаў, якія пасылаў ГОСПАД Магуцьцяў Духам Сваім праз рукі прарокаў; і быў гнеў вялікі ад ГОСПАДА Магуцьцяў. 
“І сталася, што калі Я клікаў, яны ня чулі. Так і яны будуць клікаць, і Я ня буду чуць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
І Я разьвеяў іх паміж усіх народаў, якіх яны ня ведалі, і зямля спустошаная пасьля іх, ажно няма нікога, хто б праходзіў ці вяртаўся. І яны ператварылі зямлю жаданую ў пустэчу”». 
