﻿САФОНІЯ.
2.
Зьбярыцеся, зьбярыцеся, народзе бяз сораму, 
перш, чым народзіцца пастанова і як мякіна праміне дзень, перш, чым прыйдзе на вас ярасьць гневу ГОСПАДА, перш, чым прыйдзе на вас дзень гневу ГОСПАДА. 
Шукайце ГОСПАДА, усе пакорныя зямлі, якія спаўняеце суд Ягоны; шукайце праведнасьці, шукайце ўпакораныя. Можа, вы схаваецеся ў дзень гневу ГОСПАДА. 
Бо Газа будзе пакінутая, і Ашкелон спустошаны, Ашдод апоўдні будзе выгнаны, і Экрон будзе выкарэнены. 
Гора жыхарам узьбярэжжа мора, народу Крыту! Слова ГОСПАДА на вас, Ханаан, зямля Філістынцаў! Я зьнішчу цябе, што ня будзе каму жыць. 
І будзе ўзьбярэжжа мора пашаю, жытлом для пастухоў і загарадкамі для авечак. 
І будзе ўзьбярэжжа для рэшты дому Юды, будуць пасьвіць на ім, у дамах Ашкелону будуць супачываць увечары, бо наведае іх ГОСПАД, Бог іхні, і верне палонных іхніх. 
«Я чуў ганьбаваньні Маава і зьнявагі сыноў Амона, якімі яны зьневажалі народ Мой і ўзьвялічваліся на мяжы іхняй. 
Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Мааў будзе як Садом і сыны Амона — як Гамора, месцам крапівы і капальняй солі, і пусткаю на вякі. Рэшта народу Майго абрабуе іх, і пазасталыя з народу Майго возьмуць у спадчыну іх». 
Гэта ім за пыху іхнюю, за тое, што яны зьневажалі і вывышаліся па-над народам ГОСПАДА Магуцьцяў. 
Страшны будзе ГОСПАД для іх, бо схуднеюць усе богі зямлі, і паклоніцца Яму кожны на месцы сваім, усе астравы народаў. 
І вы, Кушане, будзеце забітыя мячом Маім. 
І Ён выцягне руку Сваю на поўнач, зьнішчыць Асірыю, і Нініву зробіць пусткаю, сухой, як пустыня. 
І будуць ляжаць сярод яе чароды і ўсе жывёлы народаў, і пэлікан і вожык будуць начаваць на аздобах ейных, голас іхні будзе гучаць з вокнаў; сухія трэскі будуць у парогах, бо адарвуць кедравую шалёўку ейную. 
Гэта горад вясёлы, які жыве бясьпечна, які кажа ў сэрцы сваім: «Я, і няма больш нікога». Вось, ён стаў пусткаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, хто праходзіць каля яго, сьвісьне і махне рукою сваёй. 
