﻿КНІГА ПРАРОКА САФОНІІ.
1.
 Слова ГОСПАДА, якое было да Сафоніі, сына Кушы, сына Гедаліі, сына Амарыі, сына Эзэкіі, у дні Ёсіі, сына Амона, валадара Юды. 
Зьбіраючы, забяру ўсё з аблічча зямлі, кажа ГОСПАД. 
Забяру чалавека і скаціну, забяру птушак нябесных і рыбу марскую, і спакусы бязбожнікаў; і зьнішчу чалавека з аблічча зямлі, кажа ГОСПАД. 
І Я выцягну руку Маю на Юду і на ўсіх жыхароў Ерусаліму, і вынішчу з гэтага месца рэшткі Баала, і імя службітоў паганскіх са сьвятарамі, 
і тых, якія пакланяюцца на дахах войску нябеснаму, і тых, якія пакланяюцца і прысягаюць на ГОСПАДА, і тых, якія прысягаюць на валадара свайго, 
і тых, якія адступілі ад ГОСПАДА, і тых, якія не шукалі ГОСПАДА і не зьвярталіся да Яго. 
Змоўкні перад абліччам Госпада ГОСПАДА, бо блізка дзень ГОСПАДА, бо прыгатаваў ГОСПАД ахвяру, асьвяціў пакліканых Сваіх. 
І станецца ў дзень ахвяры ГОСПАДА, Я наведаю князёў і сыноў валадара, і тых, якія апранаюць адзеньне чужынскае. 
І Я наведаю ў той дзень усіх, якія скачуць праз парог, якія напаўняюць дом гаспадара свайго гвалтам і падманам. 
І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, будзе голас крыку ад Брамы Рыбнай, і бядаваньне — з другога боку гораду, і загуба вялікая — на ўзгорках. 
Галасіце, жыхары Махтэшу, бо будзе выгублены ўвесь народ Ханаану, усе, хто адважвае срэбра, будуць зьнішчаныя. 
І станецца ў той час, што Я са сьвечкамі абшукаю Ерусалім і наведаю мужоў, якія задубелі на дрожджах сваіх, якія кажуць у сэрцы сваім: «ГОСПАД ня робіць дабра і ня робіць ліха». 
І станецца багацьце іхняе здабычай, а дамы іхнія будуць спустошаны. Яны пабудуюць дамы, але ня будуць жыць у іх; і будуць садзіць вінаграднікі, але ня будуць піць віна з іх. 
Блізка вялікі дзень ГОСПАДА, блізка ён і вельмі хутка прыйдзе. Голас дня ГОСПАДА. Тады горка крычаць будзе волат. 
Дзень гневу дзень гэты, дзень нядолі і бядоты, дзень загубы і спусташэньня, дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы, 
дзень рогу і гукаў трубных супраць гарадоў умацаваных і супраць вежаў высокіх. 
І будуць уціскаць чалавека, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супраць ГОСПАДА; і кроў іхняя будзе вылітая ў пыл, а ўнутранасьці іхнія — у гной. 
Ані срэбра іхняе, ані золата іхняе ня зможа вырата­ваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, але агнём рэўнасьці Ягонай бу­дзе зьедзена ўся зямля, бо загубу страшэнную Ён учыніць для жыхароў зямлі гэтай. 
