﻿НАВУМ.
2.
Узыходзіць разбуральнік перад аблічча тваё, Нініва! Захоўвай умацаваньні, паглядай на дарогу, умацоўвай сьцёгны, зьбяры сілы свае, 
бо вярнуў ГОСПАД веліч Якуба і веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташыцелі і панішчылі вінаградныя галіны іхнія. 
Шчыты волатаў ягоных чырвоныя, ваяры апрануты ў кармазын, калясьніцы блішчаць агнём у дзень падрыхтоўкі да бітвы, і як кіпарысы хістаюцца дзіды. 
Па вуліцах шалёна імчаць калясьніцы і грукочуць на плошчах; выгляд іхні — полымя паходні, ляцяць яны як бліскавіцы. 
Нініва ўзгадае пра слаўных сваіх, але яны спатыкнуцца ў хадзе сваёй; яны сьпяшаюцца на муры ейныя, але ўжо стаіць аблога. 
Брамы рэкаў адчыняцца, і палац растопіцца. 
І пастаноўлена: яна будзе аголеная, выведзеная ў палон, і нявольніцы ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі. 
І Нініва — як сажалка водаў ад пачатку дзён сваіх, і вось, яны ўцякаюць. “Стойце, стойце!”, але ніхто не заварочвае. 
Рабуйце срэбра, рабуйце золата, бо няма канца назапашанаму і славе ўсіх рэчаў каштоўных. 
Нініва апусьцелая, спустошаная і спляжаная, і сэрца растала, і калені калоцяцца, і боль у-ва ўсіх сьцёгнах, і абліччы ўсіх счарнелі. 
Дзе сяліба ільвоў, і дзе жыруюць ільвяняты? Дзе хадзіў леў і ільвіца? Там жыў леў і ніхто не трывожыў яго. 
Леў разьдзіраў здабычу для ільвянятаў сваіх і душыў для ільвіцаў сваіх, і напоўніў здабычай пячоры свае і логавішчы свае — разьдзёртым. 
Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я спалю сярод дыму калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянятаў тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і ня будзе больш чуваць голас паслоў тваіх. 
