﻿МІХЕЙ.
6.
Пачуйце, прашу, што кажа ГОСПАД. Устань, спрачайся з гарамі, і няхай слухаюць узгоркі голас твой. 
Слухайце справу судовую ГОСПАДА, горы і магутныя падваліны зямлі; бо справа судовая ў ГОСПАДА з народам Ягоным, і з Ізраілем Ён судзіцца. 
«Народзе Мой, што Я зрабіў табе і чым Я абцяжарыў цябе? Адкажы Мне. 
Бо Я вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, і выкупіў цябе з дому няволі, і паслаў перад абліччам тваім Майсея, Аарона і Мірыям. 
Народзе Мой, узгадай, прашу, што надумаў Балак, валадар Мааву, і што адказаў яму Білеам, сын Бэора, і што было ад Шытыму аж да Гільгалу, каб ты пазнаў праведнасьць ГОСПАДА». 
З чым я выйду перад аблічча ГОСПАДА? Як схілюся перад Богам, Які на вышынях? Ці выйду перад аблічча Ягонае з цэласпаленьнямі, з цялятамі аднагадовымі? 
Ці ГОСПАДУ даспадобы тысяча бараноў, дзесяць тысячаў струмянёў алею? Ці аддам першароднага майго за віну маю, плод улоньня майго — за грэх душы маёй? 
Паведамлена табе, чалавеча, што добрае, і што ГОСПАД шукае ў цябе: каб ты чыніў суд справядлівы, і любіў міласэрнасьць, і хадзіў пакорліва з Богам тваім. 
Голас ГОСПАДА кліча ад гораду, і той, хто мае цьвярозы розум, баіцца імя Твайго: «Пачуйце кій і Таго, Хто прызначыў яго. 
Ці ёсьць яшчэ ў доме бязбожніка скарбы бязбожнасьці і эфа няпоўная, праклятая? 
Ці Я маю ачысьціць шалі бязбожныя і торбу з камянямі падманлівымі? 
Багацеі ягоныя поўныя гвалту, і жыхары ягоныя хлусяць, і язык іхні здрадлівы ў вуснах іхніх. 
Таму Я ўдару цябе хваробаю, спустошу цябе за грахі твае. 
Ты будзеш есьці, але не насыцішся; і пусты страўнік твой у нутры тваім; і будзеш хаваць, але не выратуеш; а што выратуеш, тое Я аддам пад меч. 
Ты будзеш сеяць, і ня будзеш жаць; ты будзеш таўчы аліўкі, і ня будзеш мазацца алеем; і будзеш таўчы вінаград, і ня будзеш піць віна. 
Бо вы захоўваеце пастановы Омры і ўсе справы дому Ахава, і ходзіце паводле рады іхняй. Дзеля гэтага Я аддам цябе на спусташэньне і жыхароў тваіх — на насьмешку, і ты панясеш ганьбу народу Майго». 
