﻿МІХЕЙ.
5.
Цяпер зьбяры войскі, дачка войскаў! Аблягуць нас аблогаю, дубцом будуць біць па шчоках судзьдзю Ізраіля. 
Ты, Бэтлеем-Эфрата, — найменшы сярод тысячаў Юды, з цябе выйдзе для Мяне Той, Які будзе Правадыром у Ізраілі, Які паходзіць здаўна, ад дзён старадаўніх. 
Дзеля гэтага Ён выдасьць іх аж да часу, калі народзіць тая, што мае нарадзіць; і пазасталыя з братоў Ягоных вернуцца да сыноў Ізраіля. 
І стане Ён, і будзе пасьвіць у моцы ГОСПАДА, у слаўнасьці імя ГОСПАДА, Бога Свайго, і яны будуць жыць там, бо ад гэтага часу Ён узьвялічыцца аж да канцоў зямлі. 
І Ён будзе супакой. Калі Асур прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць палацы нашыя, тады мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў чалавечых. 
І яны будуць мячом пасьвіць зямлю Асура і зямлю Німрода каля ўваходаў іхніх. І Ён выратуе ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць межы нашыя. 
І будзе рэшта Якуба сярод мноства народаў, як раса ад ГОСПАДА, як дождж на траву, якога не спадзяешся ад чалавека і не чакаеш ад сыноў чалавечых. 
І будзе рэшта Якуба сярод народаў, сярод мноства народаў, як леў сярод зьвяроў лесу, як ільвяня сярод чарады авечак, якое, калі ўвойдзе, топча і разьдзірае, і ніхто ня можа выратаваць. 
Узьнімецца рука твая на прыгнятальнікаў тваіх, і ўсе ворагі твае будуць зьнішчаны. 
І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я зьнішчу коней тваіх сярод цябе і скрышу калясьніцы твае; 
і зьнішчу гарады ў зямлі тваёй, і зруйную ўсе замкі твае; 
і зьнішчу чараваньне рукі тваёй, і варажбітоў ня будзе ў цябе; 
і зьнішчу балванаў тваіх і слупы твае пасярод цябе, і ня будзеш ужо пакланяцца вырабу рук тваіх; 
і Я павырываю астартаў тваіх спасярод цябе; і панішчу гарады твае. 
І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія не былі паслухмяныя Мне. 
