﻿МІХЕЙ.
2.
Гора тым, якія прыдумляюць беззаконьне і абдумваюць ліхоцьце на ложках сваіх, а ў сьвятле раніцы выконваюць гэта, бо гэта ў моцы рук іхніх. 
Зажадаюць яны палёў, і забіраюць іх, і дамоў — і бяруць іх; яны прыгнятаюць гаспадара і дом ягоны, чалавека і спадчыну ягоную. 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «Вось, Я задумляю на племя гэтае ліха, ад якога вы ня ўхіліце шыяў вашых, і ня будзеце хадзіць ганарліва, бо гэта час ліхі». 
У той дзень складуць прыповесьць пра вас, і будуць галасіць галашэньнем, і скажуць: «Зьнішчэньнем мы зьнішчаны. Доля народу Майго зьмянілася. Навошта забраная яна ад мяне! Забраўшы, Ты падзяліў палі нашыя». 
Дзеля гэтага ня будзе ў цябе таго, хто мераў бы шнуром паводле жэрабя ў царкве ГОСПАДА. 
«Не прапаведуйце», а яны прапаведуюць: «Не прапаведуйце нам, і аддаліцца ганьба». 
Ты, які завешся домам Якуба, няўжо скараціўся Дух ГОСПАДА? Няўжо такія ўчынкі Ягоныя? Ці ж ня словы Мае робяць дабро для таго, хто ходзіць у правасьці? 
Але ўчора народ Мой паўстаў як вораг. Вы забіраеце вопратку ў тых, якія праходзяць каля вас бясьпечна, якія не імкнуцца ваяваць. 
Жанчынаў народу Майго вы выганяеце з утульных дамоў іхніх, у дзяцей іхніх забіраеце велічнасьць Маю на вякі. 
Устаньце і ідзіце, бо няма тут супачынку, гэта месца нячыстае, яно — загуба для вас, загуба страшэнная. 
Калі б чалавек, які ходзіць за ветрам і хлусьнёю падманвае, сказаў: «Я буду прапаведаваць пра віно і сікеру», ён стаў бы прапаведнікам для народу гэтага. 
Я зьбіраньнем зьбяру ўсяго цябе, Якубе, зграмаджэньнем зграмаджу рэшту Ізраіля, пастаўлю іх разам, як авечак у Боцры, як чараду пасярод пашы ейнай, і будзе гоман ад мноства людзей. 
Узыйдзе Той, Які зломіць перашкоды перад абліччам іхнім; яны праломяць і пойдуць праз браму, і ўвойдуць праз яе, і валадар іхні — перад абліччам іх, і ГОСПАД на чале іх. 
