﻿КНІГА ПРАРОКА МІХЕЯ.
1.
 Слова ГОСПАДА, якое было да Міхея з Марэшэты ў дні Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды, якое ён бачыў адносна Самарыі і Ерусаліму. 
Пачуйце, усе народы, прыхілі вуха, зямля і ўсё, што напаўняе яе! І няхай будзе Госпад ГОСПАД як сьведка супраць вас, Госпад са сьвятыні Сваёй сьвятой. 
Бо, вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, і зыходзіць, і крычыць на вышынях зямлі. 
І горы топяцца прад Ім, і даліны расьцякаюцца, як воск перад абліччам агню, як воды, якія ільюцца па схілах. 
За правіну Якуба адбываецца ўсё гэта і за грахі дому Ізраіля. Якая правіна Якуба? Ці ж не Самарыя? І якія ўзгоркі ў Юды? Ці ж не Ерусалім? 
І Я зраблю Самарыю як купу друзу ў полі, як месца, каб садзіць вінаград, і скіну ў даліну камяні ейныя, і падмуркі ейныя агалю. 
І ўсе балваны ейныя будуць пабітыя, і ўсе платы за распусту ейную будуць спалены агнём, і ўсе ідалы ейныя зраблю пустэчаю, бо яна сабрала іх за плату за распусту, і на плату за распусту яны вернуцца. 
З гэтае прычыны я лямантую і галашу, хаджу босы і голы; учыню лямант, як цмокі, і жалобу, як страусы. 
Бо раны ейныя невылечныя, бо прыйшло гэта да Юды, дакранаецца да брамы народу Майго, да Ерусаліму. 
Не абвяшчайце гэта ў Гаце і плачам ня плачце; у Бэт-Леафры качайцеся ў пыле. 
Ідзі сабе, жыхарка Шафіру, у голасьці і ганьбе; ня выйдзе жыхарка Цаанану; лямант Гаэцэлю ня дасьць вам спыніцца ў ім. 
Бо чакала дабра жыхарка Мароту, але ліха зыйшло ад ГОСПАДА да брамы Ерусаліму. 
Запражы дрыгантаў у калясьніцу, жыхарка Ляхішу. Ты — пачатак грэху для дачкі Сыёну, бо ў цябе знойдзены правіны Ізраіля. 
Дзеля гэтага дасі ліст разводны для Марэшэт-Гату; дамы Ахзіва — падман для валадароў Ізраіля. 
Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Марэшы. Аж да Адуляму пойдзе слава Ізраіля. 
Пастрыжыся і пагаліся з прычыны сыноў асалоды тваёй; пашыр лысіну тваю, як у арла, бо яны пойдуць у палон ад цябе. 
