﻿ЁНА.
3.
І было слова ГОСПАДА да Ёны другі раз, кажучы: 
«Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і абвяшчай супраць яго тое, што Я сказаў табе». 
І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву паводле слова ГОСПАДА; а Нініва была вялікім горадам у Бога, на тры дні дарогі ў абход. 
І пачаў ён хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і клікаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная». 
І паверылі Нініўцы Богу, і абвясьцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцу ад найбольшага з іх аж да найменшага з іх. 
Бо калі слова дайшло да валадара Нінівы, ён устаў з пасаду свайго, і скінуў з сябе адзеньне сваё, і апрануўся ў зрэбніцу, і сядзеў у попеле. 
І было абвешчана, і сказана ў Нініве паводле загаду валадара і магнатаў ягоных, кажучы: «Няхай ані чалавек, ані быдла, ані валы, ані авечкі нічога не паспытаюць, няхай ані пасьвяцца, ані п’юць вады, 
але няхай апрануцца ў зрэбніцу чалавек і быдла, і няхай клічуць голасна да Бога, і няхай кожны чалавек адвернецца ад злога шляху свайго і ад ліха­дзейства, якое ў руках ягоных. 
Хто ведае, ці ня зьвернецца Бог да нас, і ці не пашкадуе, і ці не адверне гнеў палючы Свой, каб мы не загінулі?» 
І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог пра ліха, пра якое сказаў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў. 
