﻿КНІГА ПРАРОКА ЁНЫ.
1.
 І было слова ГОСПАДА да Ёны, сына Амітая, кажучы: 
«Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і кажы супраць яго, бо ўзышло ліхоцьце іхняе перад аблічча Маё». 
І ўстаў Ёна, каб уцячы ў Таршыш ад аблічча ГОСПАДА, і зыйшоў у Яфу, і знайшоў карабель, які плыў у Таршыш; і даў плату, і зыйшоў на карабель, каб плыць з імі ў Таршыш ад аблічча ГОСПАДА. 
Але ГОСПАД пусьціў вялікі вецер на мора, і ўзьнялася вялікая бура на моры, і думалі, што карабель разаб’ецца. 
І напалохаліся маракі, і крычалі кожны да бога свайго, і выкінулі ў мора рэчы, што былі на караблі, каб быў лягчэйшым; а Ёна зыйшоў у сярэдзіну карабля, і лёг, і моцна заснуў. 
І наблізіўся да яго корнік, і сказаў яму: «Што табе, што ты сьпіш? Устань, кліч да Бога свайго, можа, узгадае Бог пра нас, і мы не загінем». 
І сказалі адзін аднаму: «Ха­дземце, кіньма жэрабя, і даведаемся, праз каго гэтае ліха прыйшло на нас». І кінулі жэрабя, і выпала жэрабя на Ёну. 
І сказалі яму: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае ліха прыйшло на нас? Які занятак твой? Адкуль ты прыйшоў? З якога ты краю і з якога народу?» 
І ён сказаў ім: «Я — Гебрай, і я баюся ГОСПАДА, Бога нябёсаў, Які ўчыніў мора і сухазем’е». 
І спалохаліся тыя людзі страхам вялікім, і сказалі яму: «Чаму ты гэта зрабіў?», бо даведаліся тыя людзі, што ён уцякае ад аблічча ГОСПАДА, бо ён абвясьціў ім гэта. 
І сказалі яму: «Што нам зрабіць з табою, каб сьціхла мора?», бо мора ўсё больш бушавала. 
І ён сказаў ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і супакоіцца мора, якое супраць вас, бо я ведаю, што з-за мяне гэтая бура вялікая супраць вас». 
І моцна веславалі тыя людзі, каб вярнуцца на сухую зямлю, і не маглі, бо мора больш і больш бушавала суп­раць іх. 
І клікалі яны да ГОСПАДА, і сказалі: «ГОСПАДЗЕ, молім Цябе, няхай не загінем мы за душу чалавека гэтага, і не ўскладай на нас кроў нявінную, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, як захочаш, так і зробіш». 
І яны паднялі Ёну, і кінулі яго ў мора, і перастала мора гневацца. 
І напалохаліся тыя людзі страхам вялікім перад ГОСПАДАМ, і складалі яны ахвяры ГОСПАДУ, і абяцалі абяцаньні. 
