﻿АМОС.
8.
Гэта Госпад ГОСПАД паказаў мне. І вось, кош з летняй садавінай. 
І сказаў Ён: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў: «Кош з летняй садавінай». І сказаў ГОСПАД мне: «Канец прыйшоў народу Майму Ізраілю, і ўжо больш не прайду каля іх. 
І будуць галасіць замест сьпеваў сьвятыні ў той дзень, кажа Госпад ГОСПАД; шмат будзе трупаў на кожным месцы, і кінуць іх моўчкі». 
Паслухайце гэта вы, якія топчаце ўбогага і вынішчаеце ўцісканых зямлі, 
кажучы: «Калі міне маладзік, будзем продаць збожжа; і ў суботу адчынім сьвірны са збожжам і зьменшым эфу, і павялічым цану сыкля, і будзем абважваць на шалях падманлівых, 
каб купляць бедных за срэбра і ўбогага — за пару сандалаў, і продаць высеўкі збожжа». 
Прысягнуў ГОСПАД на гонар Якуба: «Ніколі не забудуся ўсіх учынкаў іхніх! 
Ці не захістаецца ад гэтага зямля? Ці не залямантуе кожны, хто жыве на ёй? І яна ўздымаецца як рака, і ўсхвалюецца, і затопіць, як рака Эгіпецкая». 
І станецца ў той дзень, кажа Госпад ГОСПАД, што Я зраблю заход сонца апоўдні, і зацямню зямлю сярод яснага дня, 
і перамяню сьвяты вашыя ў жалобу і ўсе сьпевы вашыя — у галашэньне, і ўскладу на ўсе сьцёгны зрэбніцу, і на кожную галаву — лысіну, і зраблю гэта, як жалобу па адзіным сыне, і канец гэтага — як дзень горычы. 
Вось, прыходзяць дні, кажа Госпад ГОСПАД, і Я пашлю голад на зямлю, ня голад хлеба, і ня смагу вады, але голад, каб слухаць словы ГОСПАДА. 
І будуць бадзяцца ад мора да мора, і з поўначы на ўсход будуць кружляць, шукаючы слова ГОСПАДА, і ня знойдуць. 
У той дзень будуць млець прыгожыя дзяўчаты і хлопцы. 
Тыя, якія прысягаюць на правіну Самарыі і ка­жуць: “Няхай жыве бог твой, Дане!” і “Няхай жыве шлях у Бээр-Шэву!”, упадуць і больш ня ўстануць. 
