﻿АМОС.
7.
Гэта паказаў мне Госпад ГОСПАД. І вось, Ён уфармаваў саранчу, калі пачала расьці атава, і вось, атава была пасьля касьбы для валадара. 
І сталася, калі саранча скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: «Госпадзе, ГОСПАДЗЕ! Калі ласка, даруй! Як устане Якуб? Бо ён малы». 
Пашкадаваў ГОСПАД пра гэта. «Ня будзе гэтага», — сказаў ГОСПАД. 
Гэта паказаў мне Госпад ГОСПАД. І вось, Госпад ГОСПАД паклікаў агонь, каб праводзіць спрэчку, і ён зжэр бяздоньне вялікае, і зжэр частку зямлі. 
І я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, калі ласка, спыні! Як устане Якуб? Бо ён малы». 
Пашкадаваў ГОСПАД пра гэта. «Ня будзе гэтага», — сказаў Госпад ГОСПАД. 
Гэта Ён паказаў мне. І вось, Госпад стаіць на муры стромкім і ў руцэ Ягонай — грунтвага. 
І сказаў ГОСПАД мне: «Што ты бачыш, Амосе?» І я сказаў: «Грунтвагу». І сказаў Госпад: «Вось, Я павешу грунтвагу сярод народу Майго, Ізраіля, і ўжо больш не прайду каля іх. 
І будуць спустошаныя ўзгоркі Ісаака, і сьвятыні Ізраіля будуць зруйнаваныя, і Я паўстану з мячом на дом Ерабаама». 
І паслаў Амацыя, сьвятар з Бэтэлю, да Ерабаама, валадара Ізраіля, кажучы: «Амос змовіўся супраць цябе пасярод дому Ізраіля. Ня можа зямля вытрываць усіх словаў ягоных. 
Бо гэтак сказаў Амос: “Ад мяча памрэ Ерабаам, і Ізраіль паланеньнем будзе выведзены ў палон з зямлі сваёй”». 
І сказаў Амацыя Амосу: «Відушчы, ідзі, уцякай сабе ў зямлю Юды, і еш там хлеб, і там прароч, 
але ў Бэтэлі больш не спрабуй прарочыць, бо ён — сьвятыня валадара і дом валадарства». 
І адказаў Амос, і сказаў Амацыі: «Я — не прарок, і я — ня сын прарока, бо я — звычайны пастух і зьбіраю сыкаморы. 
І ўзяў мяне ГОСПАД, калі я ішоў за авечкамі, і сказаў мне ГОСПАД: “Ідзі, прароч народу Майму, Ізраілю”. 
І цяпер слухай слова ГОСПАДА. Ты кажаш: “Не прароч на Ізраіля і не прапаведуй на дом Ісаака”. 
Дзеля гэтага кажа ГОС­ПАД: “Жонка твая будзе распусьнічаць у горадзе, а сыны твае і дочкі твае ўпадуць ад мяча, і зямля твая будзе падзелена шнурам меральным, і ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль паланеньнем пойдзе ў палон з зямлі сваёй”». 
