﻿АМОС.
6.
Гора бесклапотным на Сыёне і тым, якія спадзяюцца на гару Самарыі, якія прызначаныя пачаткам народаў, да якіх прыйшоў дом Ізраіля! 
Зыйдзіце ў Кальнэ і пабачце, а адтуль ідзіце да Хамат-Раббы і зыйдзіце ў Гат Філістынскі. Ці вы лепшыя за валадарствы гэтыя? Ці мяжа іхняя большая за мяжу вашую? 
Вы лічыце далёкім дзень ліхі і набліжаецеся да пасаду гвалту. 
Вы ляжыце на ложку з косьці слановай, і качаецеся на засланых посьцілках, і ясьцё авечак з чарады і цялятаў з аборы. 
Вы брынкаеце на гусьлях, як Давід, прыдумляеце сабе інструмэнты музычныя. 
Вы п’іцё віно куфлямі і мажацеся найлепшымі масьцямі, але не смуткуеце з прычыны загубы Язэпа! 
Дзеля гэтага яны пойдуць у палон на чале палонных, і будзе аддалена банкетаваньне ад тых, якія качаліся ў раскошы”. 
Прысягнуў Госпада ГОСПАД на душу Сваю, кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. Мне агідная пыхлівасьць Якуба, і Я ненавіджу палацы ягоныя; і Я выдам ворагу горад і тое, што напаўняе яго. 
І станецца, што калі ў адным доме застанецца дзесяць мужчынаў, і яны памруць. 
І возьме яго дзядзька ягоны, і спаліць яго, каб вынесьці косткі з дому, і скажа таму, хто ў сярэдзіне дому: “Ці ёсьць яшчэ хто ў цябе?” А той скажа: “Няма”. І ён скажа: “Маўчы, бо нельга ўзгадваць імя ГОСПАДА”; 
Бо вось, ГОСПАД загадае і разаб’е дом вялікі ў руіны, а дом малы — у друз. 
Ці бягуць коні па скале? Ці аруць мора на валах? Бо вы ператварылі суд у атруту і плады праведнасьці — у палын. 
Вы радуецеся ў Лё-Дабар, і кажаце: “Ці ж ня сілаю сваёю мы здабылі сабе рогі?” 
Але, вось, Я ўзьніму на вас, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, народ, і яны будуць уціскаць вас ад уваходу ў Хамат аж да ручая Арабы”». 
