﻿АМОС.
5.
Паслухайце слова гэтае, якое я ўзьнімаю над вамі, галашэньне пра дом Ізраіля: 
“Упала, больш ня ўстане дзяўчына Ізраіля. Яна кінутая на зямлю сваю, няма каму падняць яе”. 
Бо гэтак кажа Госпад ГОС­ПАД: “У горадзе, з якога выходзіла тысяча, застанецца сто, а з якога выходзіла сто, застанецца дзесяць чалавек з дому Ізраіля”. 
Бо гэтак кажа ГОСПАД дому Ізраіля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць. 
І не шукайце ў Бэтэлі, і не зыходзьце ў Гільгал, і не пераходзьце ў Бээр-Шэву, бо Гільгал будзе палонены палонам, а Бэтэль станецца марнотаю”. 
Шукайце ГОСПАДА, і будзеце жыць, каб Ён не ўвайшоў як агонь у дом Язэпа і ня зжэр усё, і ня будзе каму тушыць яго ў Бэтэлі. 
Вы ператвараеце суд у палын, і праведнасьць на зямлю кідаеце. 
А Ён — Той, Які ўчыніў Стажар’е і Касцоў, і цень сьмерці ператварае ў раніцу, і дзень робіць цёмным як ноч. Ён кліча воды мора і вылівае іх на аблічча зямлі; ГОСПАД — імя Ягонае. 
Ён прысьпешвае загубу супраць дужага, і прыходзіць загуба на замак. 
Яны ненавідзяць таго, хто дакарае ў браме гораду, і брыдзяцца тым, хто гаворыць беззаганна. 
Дзеля гэтага за тое, што вы топчаце бедных і забіраеце ў іх стравы са збожжа, хоць вы пабудавалі дамы з чэсанага камяня, але ня будзеце жыць у іх, вы пасадзілі прывабныя вінаграднікі, але ня будзеце піць віна з іх. 
Бо Я ведаю шматлікія правіны вашыя і цяжкія грахі вашыя; вы прыгнятаеце праведніка, берацё хабары і справу ўбогіх у браме выкрыўляеце. 
Дзеля гэтага разумны ў гэты час маўчыць, бо гэта час ліхі. 
Шукайце дабра, а ня ліха, каб вы маглі жыць; і гэтак ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе з вамі, як вы кажаце. 
Ненавідзьце ліха і любіце дабро, і пастаўце ў браме суд. Можа, ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе ласкавы да рэшты Язэпа. 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Госпад: “На ўсіх плошчах лямант, і на ўсіх вуліцах будуць казаць: “Аёй! Аёй!”, і будуць клікаць земляроба на жалобу і тых, якія ведаюць галашэньні, каб галасілі! 
І ў-ва ўсіх вінаградніках будзе лямант, бо Я прайду сярод цябе, кажа ГОСПАД”. 
Гора вам, якія жадаюць дня ГОСПАДА! Навошта вам гэты дзень ГОСПАДА? Ён — цемра, а не сьвятло. 
Гэта так, як чалавек уцячэ ад ільва, і сустрэне мядзьведзя; або прыйшоў у дом, і абапёрся рукою сваёю аб сьцяну, і яго ўкусіла зьмяя. 
Хіба ня ёсьць дзень ГОСПАДА цемрай, а не сьвятлом? Ён — цемрадзь, і няма бляску сьвятла ў ім. 
Я ненавіджу, Я грэбую сьвятамі і не адчуваю паху прыемнага на ўрачыстых сходах вашых. 
Бо калі вы складаеце мне цэласпаленьні і ахвяры хлебныя вашыя, Мне не даспадобы яны. І на ахвяры мірныя вашыя з кормнай жывёлы Я не пагляджу. 
Прыбяры ад Мяне голас сьпеваў тваіх, і гуку гусьляў тваіх Я ня буду слухаць. 
Але няхай суд цячэ як вада, і праведнасьць — як магутны ручай. 
Ці прыносілі вы Мне ахвяры крывавыя і ахвяры хлебныя ў пустыні сорак гадоў, доме Ізраіля? 
Але вы насілі намёт Малоха вашага і Кіюна, абразы вашыя, зорку багоў вашых, якую вы сабе рабілі. 
За гэта Я завяду вас у палон далёка за Дамаск, кажа ГОСПАД. Бог Магуцьцяў — імя Ягонае. 
