﻿АМОС.
2.
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны сыноў Мааву, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён спаліў на вапну косткі валадара Эдому. 
І Я спашлю агонь на Мааў, і ён зжарэ палацы Керыёта, і памрэ Мааў сярод галасу, крыку і голасу трубы. 
І Я вынішчу судзьдзю спасярод яго, і заб’ю ўсіх князёў ягоных з ім, кажа ГОСПАД”. 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Законам ГОСПАДА і не захоўвалі прыказаньні Ягоныя, і зьвяла іх хлусьня іхняя, за якой пайшлі бацькі іхнія. 
І Я спашлю агонь на Юду, і ён зжарэ палацы Ерусаліму”. 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Ізраіля, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны продалі за срэбра праведніка, і ўбогага — за пару сандалаў. 
Яны топчуць у пыле зямным галаву бедных, і шлях уцісканых выкрыўляюць; і мужчына, і бацька ягоны ходзяць да адной дзяўчыны, і гэтым зьневажаюць імя Маё сьвятое. 
На адзеньні, узятым у заклад, кладуцца яны каля ўсіх ахвярнікаў, і віно засуджаных п’юць у доме Бога свайго. 
А Я зьнішчыў Амарэйца перад абліччам іхнім, вышыня якога была, як вышыня кед­раў, і яны былі моцныя, як дубы. А Я зьнішчыў плод ягоны ўгары і карані ягоныя ўнізе. 
І Я вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, і вадзіў вас сорак гадоў па пустыні, каб вы ўзялі ў спадчыну зямлю Амарэйца. 
І Я паставіў з сыноў вашых прарокаў і з юнакоў вашых — назіраў. Хіба ня так было, сыны Ізраіля? — кажа ГОСПАД. 
А вы паілі назіраў віном і загадвалі прарокам, кажучы: “Не прарочце!” 
Вось, Я націсну на вас, як цісне воз, поўны снапоў. 
І загіне, не ўцячэ спрытны, і дужы ня будзе моцны моцай сваёй, і волат ня выратуе душу сваю. 
Той, які страляе з луку, ня будзе стаяць, і спрытны ў нагах сваіх не ўратуецца, і коньнік ня выратуе душу сваю. 
І адважны сэрцам сваім сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень, кажа ГОСПАД. 
