﻿ЁЭЛЬ.
3.
Бо вось, у тыя дні і ў тым часе, калі Я вярну палонных Юды і Ерусаліму, 
Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у Даліну Язафата, і буду з імі судзіцца там за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, які яны расьцярушылі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі, 
і пра народ Мой кідалі жэрабя, і аддавалі хлопчыка за распусьніцу, і продалі дзяўчынку за віно, і пілі. 
І што вы для Мяне, Тыр і Сідон, і ўсе акругі Філістынскія? Ці помстай аднагародзіце Мне? Калі аднагародзіце Мне, лёгка і хутка Я вярну аднагароду вашую на галаву вашую. 
Срэбра Маё і золата Маё вы ўзялі, і добрыя каштоўнасьці Мае перанесьлі ў сьвятыні вашыя, 
а сыноў Юды і сыноў Ерусаліму продалі сынам Явану, каб аддаліць іх ад межаў іхніх. 
Вось, Я ўзьніму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і вярну аднагароду вашую на галаву вашую, 
і прадам сыноў вашых і дачок вашых праз рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савеям, народу далёкаму, бо ГОСПАД прамовіў так. 
Клічце пра гэта сярод народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце волатаў; няхай наблізяцца, няхай прыйдуць усе ваяры. 
Перакуйце плугі вашыя на мячы і сярпы вашыя — на дзіды. Слабы няхай скажа: «Я — волат». 
Зьбірайцеся і прыходзьце, усе народы навокал, і зьбярыцеся там. Вядзі, ГОСПАДЗЕ, волатаў Тваіх. 
Няхай прачнуцца народы і прыйдуць у Даліну Язафата; бо там Я сяду судзіць усе народы навокал. 
Пашліце серп, бо жніво сасьпела; прыйдзіце, тапчыце, бо тоўчня поўная, кадкі пераліваюцца, бо вялікая ліхота іхняя. 
Грамады, грамады ў Даліне Прысуду, бо блізкі дзень ГОСПАДА ў Даліне Прысуду. 
Сонца і месяц зацемрацца, і зоркі страцяць бляск свой. 
І ГОСПАД загрыміць з Сыёну, і выдасьць голас Свой з Ерусаліму, і задрыжаць неба і зямля; але ГОСПАД — прыстанішча для народу Свайго і апора для сыноў Ізраіля. 
І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які жыве на Сыёне, на гары Маёй сьвятой. І станецца Ерусалім сьвятым, і чужынцы ўжо ня будуць хадзіць па ім. 
І станецца ў той дзень: горы будуць ацякаць маладым віном, і з узгоркаў пацячэ малако, і ўсе ручаіны Юды напоўняцца вадою, і крыніца выйдзе з Дому ГОСПАДА, і напоіць даліну Шыттым. 
Эгіпет станецца спустошаным, і Эдом станецца спустошанай пустыняй за гвалт над сынамі Юды, бо яны разьлівалі кроў нявінную ў зямлі іхняй. 
Юда на вякі будзе заселены, і Ерусалім — з пакаленьня ў пакаленьне. 
І Я пакараю за кроў іхнюю, за якую яшчэ не караў; і ГОСПАД будзе жыць на Сыёне. 
