﻿ОСІЯ.
14.
Вінаватая Самарыя, бо збунтавалася супраць Бога свайго. Яны ўпадуць ад мяча, немаўляты іхнія будуць пабітыя аб скалу, і цяжарныя іхнія будуць пасечаныя. 
Навярніся, Ізраілю, да ГОСПАДА, Бога твайго, бо ты спатыкнуўся ў беззаконьні тваім. 
Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да ГОСПАДА. Скажыце Яму: «Даруй усе беззаконьні і прыймі тое, што добрае, і мы прынясем ахвяру вуснаў нашых. 
Асірыя ня збавіць нас. Ня будзем езьдзіць на конях і ня будзем казаць “божа наш” вырабу рук нашых. Бо ў Табе знойдзе міласьць сірата». 
Я вылекую адступніцтва іхняе, палюблю іх ахвотна, бо гнеў Мой адвернецца ад іх 
Я буду для Ізраіля як раса, ён заквітнее як лілея і пусьціць карані свае як кедр на Лібане. 
Разрастуцца галіны ягоныя і станецца як у аліўкі хараство ягонае, і водар ягоны — як Лібан. 
Вернуцца яны і будуць сядзець у ценю ягоным, ажы­вуць, як збожжа, расквітнеюць, як лаза вінаградная, памяць іхняя — як віно Лібану. 
Эфраім скажа: «Што мне ўжо да ідалаў?» Я адкажу табе і буду глядзець на цябе. Я — як кіпарыс зялёны, дзякуючы Мне ты знаходзіш плод твой. 
Хто мудры, няхай зразумее гэта, і хто разумны, няхай пазнае, бо простыя шляхі ГОСПАДА, і праведныя будуць хадзіць па іх, а адступнікі спатыкнуцца.
