﻿ОСІЯ.
12.
Эфраім пасьвіць вецер і гоніцца за ветрам усходнім. Увесь дзень ён памнажае хлусьню і спусташэньне, і заключае запавет з Асірыяй, і выносіць алей у Эгіпет. 
ГОСПАД мае справу судовую з Юдам і пакарае Якуба паводле шляхоў ягоных, паводле ўчынкаў ягоных верне адплату яму. 
Яшчэ ва ўлоньні ён ухапіў за пяту брата свайго і сілаю сваёю змагаўся з Богам. 
І змагаўся ён з анёлам, і перамог. Плакаў і прасіў ласкі ў Яго, у Бэтэлі знайшоў Яго, і там Ён размаўляў з намі. 
Гэта ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, ГОСПАД — памятнае імя Ягонае. 
А ты вярніся да Бога твайго, захоўвай міласэрнасьць і суд, і заўсёды чакай на Бога твайго. 
Ханаан у руцэ сваёй мае вагі фальшывыя, любіць прыгнёт. 
І сказаў Эфраім: «Але я ўзбагаціўся, знайшоў сілу для сябе. У-ва ўсіх высілках маіх ня знойдзена ў-ва мне няправасьці, якая б была грахом». 
Але Я — ГОСПАД, Бог твой, ад выхаду з зямлі Эгіпецкай. І Я зноў вярну цябе ў намёты, як у дні спатканьня са Мною. 
І Я прамаўляў да прарокаў, і Я памнажаў відзежы, і праз прарокаў даваў прыповесьці. 
Калі ў Гілеадзе няправасьць, станецца ўсё марнотаю; дарэмна ў Гільгале валоў складаюць у ахвяру. Ахвярнікі іхнія — як крушня на разараным полі. 
І ўцёк Якуб на палі Араму, і служыў Ізраіль за жонку, і за жонку пільнаваў статак. 
І праз прарока ГОСПАД вывеў Ізраіля з Эгіпту, і праз прарока Ён захоўваў яго. 
Але Эфраім упарта раздражняў Бога, і Ён пакінуў на ім кроў ягоную, і ганьбу ягоную верне яму Госпад ягоны. 
