﻿ОСІЯ.
9.
Не весяліся, Ізраіль, ня радуйся, як іншыя народы, бо ты распусьнічаеш супраць Бога твайго, ты палюбіў плату распусьніцы на кожным току збожжа. 
Ток і тоўчня ня будуць жывіць іх, і віно ашукае іх. 
Ня будуць яны жыць у зямлі ГОСПАДА, і вернецца Эфраім у Эгіпет, і ў Асірыі яны будуць есьці нячыстае. 
Ня будуць яны выліваць віно для ГОСПАДА, і ня будуць Яму прыемныя ахвяры іхнія. Гэта будзе для іх як хлеб жалобы; усе, хто будуць есьці яго, будуць нячыстыя. Бо хлеб іхні за душы іхнія ня ўвойдзе ў Дом ГОСПАДА. 
Што будзеце рабіць у дзень сходу і ў дзень сьвята ГОСПАДА? 
Бо вось, прыйдуць яны з прычыны зьнішчэньня. Эгіпет зьбярэ іх, Мэмфіс іх пахавае, каштоўнае срэбра іхняе атрымае ў спадчыну крапіва, церні будуць у намётах іхніх. 
Прыйдуць дні наведваньня, прыйдуць дні адплаты. Ізраіль даведаецца, што прарок здурнеў, і ашалеў чалавек духа з прычыны мноства беззаконьня твайго і вялікай варожасьці да Бога. 
Прарок, які быў вартаўніком Эфраіма пры Богу маім, стаўся пасткай птушкалова на ўсіх шляхах ягоных; варожасьць у доме бога ягонага. 
Сапсуліся да глыбіні, як у дні Гівы. Бог будзе памя­таць пра беззаконьне іхняе, пакарае за грахі іхнія. 
Я знайшоў Ізраіля як вінаград у пустыні, як першую фігу на дрэве фігавым на пачатку ўраджаю яго Я ўбачыў бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэора і прысьвяцілі сябе сораму, і былі агіднымі ў тым, што яны любілі. 
Слава Эфраіма, як птушка, адляцела; ня будзе ані нараджэньня, ані ўлоньня, ані зачацьця. 
Бо нават калі выгадуюць сыноў сваіх, Я забяру ў іх чалавека. Гора ім, бо Я адступлюся ад іх! 
Эфраім, як Я бачыў, падобны да Тыру, пасаджаны на месцы прыемным, але Эфраім вядзе на забіцьцё сыноў сваіх. 
«Дай ім, ГОСПАДЗЕ, што хочаш даць! Дай ім улоньне бясплоднае і грудзі ссохлыя!» 
Уся нягоднасьць іхняя ў Гільгале, бо там Я зьненавідзеў іх. З прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх выганю іх з Дому Майго, ня буду больш любіць іх. Усе князі іхнія — бунтаўнікі. 
Павалены Эфраім, корань іхні ссох, ён ня дасьць плоду. А нават калі народзяць, Я заб’ю ўлюбёных улоньня іхняга. 
Адкіне іх Бог мой, бо яны ня слухалі Яго, і будуць яны ўцекачамі паміж народамі. 
