﻿ОСІЯ.
7.
Калі Я лячу Ізраіля, выяўляецца беззаконьне Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны ўчыняюць хлусьню, і злодзей уваходзіць у дом, разбойнікі рабуюць на вуліцы. 
І ня кажуць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю пра ўсю ліхоту іхнюю. Цяпер атачаюць іх учынкі іхнія, яны будуць перад абліччам Маім. 
Ліхоцьцем сваім весялілі валадара, і маной сваёю — князёў. 
Усе яны чужаложаць, як печ, распаленая пекарам, які перастае чуваць, калі замясіў цеста, каб яно закісла. 
У дзень валадара нашага князі зрабілі яго нядужым, даўшы бутлі віна, і ён выцягвае руку сваю разам з насьмешнікамі. 
Бо яны наблізілі сэрца сваё да растаўляньня пастак як распаленая печ. Пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцаю яна гарыць, як полымя агню. 
Усе яны распаленыя, як печ, і зьядаюць судзьдзяў сваіх. Усе валадары іхнія падаюць, няма сярод іх нікога, хто б клікаў да Мяне. 
Эфраім зьмяшаўся з народамі; Эфраім стаўся як аладка, якая сьпечана, не пераварочваючы. 
Чужынцы зьядаюць сілу ягоную, а ён ня ведае; таксама сівізна пабяліла яго, а ён ня ведае. 
І сьведчыць пыха Ізраіля супраць яго, але яны не зьвяртаюцца да ГОСПАДА, Бога іхняга, і не шукаюць Яго ў-ва ўсім гэтым. 
І стаўся Эфраім як голуб дурны, бяз сэрца, клічуць Эгіпет, ідуць у Асірыю. 
Калі яны пойдуць, Я расьцягну на іх сеці Мае, сьцягну іх, як птушак нябесных, пакараю іх, як было ім сказана ў грамадзе іхняй. 
Гора ім, бо яны ўцякаюць ад Мяне! Спусташэньне на іх, бо яны адступіліся ад Мяне! Хоць Я адкупіў іх, яны кажуць няпраўду на Мяне. 
І ня клічуць Мяне ў сэрцы сваім, калі выюць на ложках сваіх. Дзеля збожжа і віна яны зьбіраюцца, але ад Мяне адварочваюцца. 
Хоць Я настаўляў іх, умацоўваў рамёны іхнія, яны надумваюць ліхое супраць Мяне. 
Зьвяртаюцца, але не да Найвышэйшага. Яны — як лук здрадлівы. Упадуць ад мяча князі іхнія за ярасьць языка іхняга. Гэта зробіць іх пасьмешышчам у зямлі Эгіпецкай. 
