﻿ОСІЯ.
3.
І сказаў ГОСПАД мне зноў: «Ідзі, пакахай жанчыну, якую кахае іншы і якая чужаложыць, як ГОС­ПАД любіць сыноў Ізраіля, а яны зьвяртаюцца да іншых багоў і любяць разынкі вінаградныя». 
І я набыў яе для сябе за пятнаццаць срэбнікаў і паўтары гомары ячменю. 
І сказаў ёй: «Шмат дзён будзеш жыць са мною. Ня будзеш займацца распустай і ня будзеш належаць іншаму мужу, і я таксама буду для цябе». 
Бо шмат дзён будуць сыны Ізраіля жыць без валадара, і бяз князя, і без ахвяры, і без слупа, і без эфоду, і без тэрафімаў. 
Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні. 
