﻿ДАНІІЛ.
12.
І ў той час паўстане Міхаэль, князь вялікі, які стаіць пры сынах народу твайго; і будзе час нядолі, якога не было ад таго часу, як існуе народ, аж да гэтага часу; і ў гэты час уцячэ ад загубы народ твой, кожны, хто будзе знойдзены запісаным у кнізе. 
І шмат тых, якія сьпяць у пыле зямлі, абудзяцца, адны — да жыцьця вечнага, а іншыя — на ганьбу, на грэбаваньне вечнае. 
І разумныя будуць зьзяць як сьвяцілы на прасьцягу неба, і тыя, якія прывялі да праведнасьці шматлікіх — як зоркі, на вякі вечныя. 
А ты, Данііле, замкні словы гэтыя і запячатай кнігу аж да часу канца. Шмат хто будзе кружляць па ёй, і памножыцца веданьне». 
І паглядзеў я, Данііл, і вось, іншыя два мужы стаяць, адзін — на гэтым беразе ракі, а другі — на тым беразе ракі. 
І я сказаў мужу, апранутаму ў ільняныя шаты, які быў над водамі ракі: «Калі будзе канец гэтым цудоўным рэчам?» 
І я пачуў мужа, апранутага ў ільняныя шаты, які быў над водамі ракі. І ён падняў правіцу сваю і лявіцу сваю да неба, і прысягнуў на Таго, Які жыве вечна, што міне час вызначаны, часы і палова вызначанага часу, і калі скончыцца разьбіваньне сілы рукі народу сьвятога, тады зьдзейсьніцца ўсё гэта. 
І я пачуў, але не зразумеў, і я сказаў: «Пане мой! Які канец гэтага ўсяго?» 
І ён сказаў: «Ідзі, Данііле, бо замкнёныя і запячатаныя словы гэтыя аж да часу канца. 
Будуць ачышчаныя і выбеленыя, і выспрабаваныя шматлікія, і бязбожнікі будуць рабіць бязбожна, і не зразумее гэтага ніхто з бязбожнікаў, а разумныя зразумеюць. 
І ад часу, калі будзе спынена заўсёдная ахвяра і пастаўленая агіда спусташэньня, міне тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён. 
Шчасьлівы той, хто чакае і дасягне тысяча трыццаці пяці дзён. 
А ты ідзі да канца, і супачынеш, і паўстанеш для атрыманьня часткі сваёй у канцы дзён».
