﻿ДАНІІЛ.
11.
І я ў першым годзе Дарыя Мідзяніна стаяў, каб умацаваць і падтрымаць яго. 
І цяпер я распавяду табе праўду. Вось, паўстануць яшчэ тры валадары ў Пэрсіі, і чацьвёрты ўзбагаціцца багацьцем сваім больш за ўсіх, і калі ён умацуецца ў багацьці сваім, ён узьніме ўсіх супраць валадарства Явану. 
І валадар магутны паўстане там, які будзе панаваць панаваньнем вялікім і будзе рабіць тое, што даспадобы яму. 
Але калі ён паўстане, валадарства ягонае будзе зломлена і будзе падзеленае на чатыры вятры нябесныя, і не паміж нашчадкамі ягонымі, і ня бу­дзе мець тое панаваньне, якім ён панаваў, бо будзе вырвана валадарства ягонае і дадзена іншым, а ня ім. 
І ўмацуецца валадар з поўдня, але адзін з князёў ягоных будзе мацнейшым за яго і запануе, і панаваньне тое будзе большым за панаваньне ягонае. 
Але пасьля заканчэньня некалькіх гадоў яны злучацца, і дачка валадара з поўдня прыйдзе да валадара з поўначы, каб зрабіць паводле справядлівасьці; але яна не захавае сілы рамёнаў сваіх, і не ўстаіць рамяно ейнае, і будзе выдадзена яна, і тыя, якія прывялі яе, і той, якога яна нарадзіла, і той, які ўмацоўваў яе ў тыя часы. 
І паўстане парастак з кораня ейнага на месца сваё, і выйдзе супраць войска, і ўвойдзе ў цьвярдыню валадара з поўначы, і будзе дзейнічаць супраць яго, і ўмацуецца. 
І таксама багоў іхніх з літымі выявамі іхнімі, з начыньнем іхнім каштоўным, срэбным і залатым, завязе ў палон у Эгіпет; і ён некалькі гадоў будзе стаяць вышэй, чым валадар з поўначы. 
Хоць той прыйдзе ў валадарства валадара з поўдня, але вернецца ў зямлю сваю. 
Але сыны ягоныя ўзброяцца і зьбяруць мноства войска вялікага, і адзін, ідучы, пойдзе, і залье ўсё, і пройдзе паўсюль, і вернецца, і будзе змагацца супраць цьвярдыні ягонай. 
І раззлуецца валадар з поўдня, і вырушыць на вайну, і будзе ваяваць з ім, з валадаром з поўначы, і той выставіць мноства вялікае, але мноства гэтае будзе аддадзена ў руку ягоную. 
І будзе зьнішчана гэтае мноства, і ўзьнімецца сэрца ягонае, і хоць ён кіне на зямлю дзясяткі тысячаў, ён не ўмацуецца. 
І вернецца валадар з поўначы, і выставіць мноства, большае за ранейшае, і ў канцы часоў і гадоў, ідучы, прыйдзе з войскам вялікім і з маёмасьцю шматлікай. 
І ў тыя часы шмат паўстане супраць валадара з поўдня, і сыны гвалту ў народзе тваім падымуцца, каб споўніўся відзеж, і яны спатыкнуцца. 
І прыйдзе валадар з поўначы, і насыпле вал, і здабудзе горад умацаваны, і рамёны поўдня не ўстаяць, народ выборны ягоны і ён ня будуць мець сілы, каб устаяць. 
І той, які прыйдзе супраць яго, будзе рабіць паводле ўпадабаньня свайго, і ня будзе таго, хто супрацівіцца яму; і ён стане ў зямлі прыгожай, і загуба ў руцэ ягонай. 
І ён зьверне аблічча сваё, каб прыйсьці з моцаю ўсяго валадарства свайго, і зробіць з ім угоду; і дасьць яму дачку жанчынаў, каб зьнішчыць яго, але ня станецца так і яна ня бу­дзе з ім. 
І, зьвяртаючы, ён зьверне аблічча сваё да астравоў, і здабудзе іх; але правадыр спы­ніць ганьбу, зробленую ім, і зьверне ганьбу ягоную на яго самога. 
І ён зьверне аблічча сваё да цьвярдыняў зямлі сваёй, і спатыкнецца, і ўпадзе, і ня знойдуць яго. 
І паўстане на месца ягонае той, які пашле прыгнятальніка ў славе валадарства, але праз некалькі дзён будзе зломлены, і не ад гневу, і ня ў бітве. 
І паўстане на месца ягонае пагарджаны, і не дадуць яму годнасьці валадарскай; але ён прыйдзе ціха і ўмацуе валадарства подступам. 
І рамёны сілы ягонай, як паводкаю, будуць залітыя перад абліччам ягоным і будуць зломленыя, і таксама начальнік, які заключыў запавет. 
Бо, злучыўшыся з ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ён узыйдзе, і ўмацуецца з дапамогай малога народу. 
У часе супакою ён прыйдзе ва ўрадлівыя месцы краю і зробіць тое, чаго не рабілі бацькі ягоныя і бацькі бацькоў ягоных. Нарабаванае, здабычу і маёмасьць прынясе сваім, і пра здабыцьцё цьвярдыняў задумае думкі свае, але да часу. 
І ён узбудзіць сілу сваю і сэрца сваё на валадара з поўдня з войскам вялікім, і валадар з поўдня ўзброіць на бітву войска вялікае і вельмі магутнае, але не ўстаіць, бо задумаюць супраць яго думкі здрадлівыя. 
І тыя, якія ядуць ежу ягоную, зломяць яго, і войска ягонае разальецца, і ўпадзе шмат забітых. 
І сэрцы абодвух гэтых валадароў будуць рабіць ліха, і яны будуць гаварыць хлусьню за адным сталом, і ня будуць мець посьпеху, бо яшчэ не канец вызначанаму часу. 
І вернецца ён у зямлю сваю з багацьцем вялікім, а сэрца ягонае будзе супраць запавету сьвятога, і ён зробіць намер свой, і вернецца ў зямлю сваю. 
У вызначаным часе ён вернецца і пойдзе на поўдзень; і ня будзе так, як раней і як пазьней. 
І прыйдуць супраць яго караблі Кіттыму, і ён спалохаецца, і вернецца, і загневаецца на запавет сьвяты; і зробіць намер свой, і вернецца, і бу­дзе мець паразуменьне з тымі, якія пакінулі запавет сьвяты. 
І паўстануць рамёны ягоныя, і апаганяць сьвятыню, цьвярдыню гэтую, і спыняць заўсёдныя ахвяры, і паставяць агіду спусташэньня. 
А тых, якія нягодна ставяцца да запавету, ён разбэсьціць лісьлівасьцю, але народ, які ведае Бога свайго, умацуецца і будзе дзейнічаць. 
І разумныя з народу дадуць разуменьне шматлікім, і будуць спатыкацца ад мяча і ад полымя, ад палону і ад рабаваньня шмат дзён. 
І, калі яны спатыкнуцца, яны атрымаюць малую дапамогу. І далучыцца да іх шмат хто няшчыра. 
І некаторыя з тых разумных спатыкнуцца, каб выпрабаваць іх і ачысьціць, і выбяліць аж да часу канца, бо яшчэ ня час, які вызначаны. 
І будзе валадар рабіць намер свой, і вывышацца, і ўзьвялічвацца па-над кожным богам паводле ўпадабаньня свайго. І супраць Бога багоў будзе гаварыць нечуваныя рэчы, і будзе мець посьпех, пакуль ня зьдзейсьніцца абурэньне, бо тое, што вызначана, станецца. 
І на багоў бацькоў сваіх ён ня будзе зважаць, ані на каштоўнасьці жанчынаў, і на ўсіх багоў ён ня будзе зважаць, бо ўзьвялічыцца па-над усімі. 
Але бога цьвярдыняў на месцы ягоным ён будзе ўшаноўваць, і бога, якога ня ведалі бацькі ягоныя, ён будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і каштоўнымі, і рэчамі найкаштоўнейшымі. 
І ён учыніць вайну з умацаванымі цьвярдынямі з дапамогай бога чужога. Тым, якія прызнаюць яго, ён памножыць славу, і дасьць панаваньне над шматлікімі, і падзеліць грунты як плату. 
Але ў часе канца ўдарыць яго валадар з поўдня, і кінецца на яго валадар з поўначы з калясьніцамі і вершнікамі, і з караблямі шматлікімі, і ўвойдзе ў зямлю поўдня, і залье яе, і пяройдзе яе. 
І прыйдзе ён у зямлю прыгожую, і шмат хто спатыкнецца; але ўцякуць ад рукі ягонай Эдом, і Мааў, і галоўныя з сыноў Амона. 
І ён выцягне руку сваю на зямлю поўдня, і зямля Эгіпецкая не ўцячэ. 
І ён будзе панаваць над скарбамі залатымі і срэбнымі і над усімі каштоўнасьцямі Эгіпту; і Лібійцы, і Кушане пойдуць за ім. 
Але весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго, і ён пойдзе ў гневе вялікім, каб зьнішчыць і аддаць закляцьцю шмат каго. 
І ён паставіць намёты палацу свайго паміж мораў і гарой прыгажосьці Сьвятой, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе таго, хто дапаможа яму. 
