﻿ДАНІІЛ.
9.
У першым годзе Дарыя, сына Ахашвэроша, з насеньня Мідзянаў, які валадарыў над валадарствам Халдэйскім, 
у першы год валадараньня ягонага, я, Данііл, зразумеў з кнігаў лік гадоў, пра якія было слова ГОСПАДА да Ярэміі прарока, што маюць споўніцца семдзясят гадоў спусташэньню Ерусаліму. 
І я зьвярнуў аблічча маё да Госпада Бога, каб шукаць Яго ў малітве і ў маленьнях, у посьце, зрэбніцы і попеле. 
І я маліўся да ГОСПАДА, Бога майго, і спавядаўся, і казаў: «Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае! 
Мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне, і зрабілі нягодна, і збунтаваліся, і адступіліся ад прыказаньняў Тваіх і ад судоў Тваіх. 
І мы ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія прамаўлялі ў імя Тваё да валадароў нашых, князёў нашых, бацькоў нашых і да ўсяго народу зямлі. 
У цябе, Госпадзе, праведнасьць, а ў нас на абліччах сорам, як у гэты дзень, у мужоў Юды, і ў жыхароў Ерусаліму, і ў-ва ўсяго Ізраіля, блізкіх і далёкіх, у-ва ўсіх землях, куды Ты выгнаў іх за здраду іхнюю, якой яны здрадзілі Табе. 
ГОСПАДЗЕ, сорам на абліччах у нас, у валадароў нашых, у князёў нашых, у бацькоў нашых, бо мы саграшылі супраць Цябе. 
У Госпада, Бога нашага, літасьць і прабачэньне, хоць мы ўзбунтаваліся супраць Яго, 
і ня слухалі голасу ГОСПАДА, Бога нашага, каб хадзіць паводле Законаў Ягоных, якія Ён даў нам праз рукі слугаў Сваіх, прарокаў. 
І ўвесь Ізраіль парушыў Закон Твой, і яны адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго. І выліўся на нас праклён і прысяга, якія запісаныя ў Законе Майсея, слугі Божага, бо мы саграшылі супраць Яго. 
І Ён споўніў слова Сваё, якое прамовіў супраць нас і супраць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас, навёўшы на нас вялікае ліха, якое не рабілася пад усім небам і якое было ўчынена ў Ерусаліме. 
Як напісана ў Законе Майсея, так прыйшло на нас усё гэтае ліха; але мы не залагодзілі аблічча ГОСПАДА, Бога нашага, адварочваючыся ад беззаконьня свайго і разумеючы праўду Тваю. 
І чуваў ГОСПАД над гэтым ліхам, і навёў яго на нас, бо праведны ГОСПАД, Бог наш, у-ва ўсіх учынках Сваіх, якія Ён робіць, бо мы ня слухалі голас Ягоны. 
І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Які вывеў народ Твой з зямлі Эгіпецкай рукою моц­наю і зрабіў Сабе імя, як у гэты дзень, мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне. 
Госпадзе! Паводле ўсёй праведнасьці Тваёй няхай адвернецца гнеў Твой і абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, сьвятой гары Тваёй, бо за грахі нашыя і за беззаконьні бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў-ва ўсіх, хто навокал нас. 
І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і маленьне ягонае, і няхай зазьзяе аблічча Тваё над сьвятыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля Цябе, Госпадзе! 
Нахілі, Божа мой, вуха Тваё і пачуй! Адчыні вочы Твае і паглядзі на спусташэньне нашае і на горад, які названы імем Тваім, бо не з прычыны праведнасьці нашай мы кладзем перад абліччам Тваім маленьні нашыя, але з прычыны вялікай літасьці Тваёй. 
Госпадзе, пачуй! Госпадзе, прабач! Госпадзе, прыхілі вуха і зрабі, не затрымлівайся дзеля Сябе Самога, Божа мой, бо імя Тваё названа над горадам Тваім і над народам Тваім». 
І я яшчэ гаварыў і вызнаваў грэх мой і грэх народу майго Ізраіля, і складаў маленьне маё перад абліччам ГОСПАДА, Бога майго, за сьвятую гару Бога майго. 
І калі я яшчэ гаварыў у малітве, муж гэты, Габрыэль, якога я бачыў у відзежы раней, сьпяшаючыся, пасьпяшаўся і дакрануўся да мяне ў часе вечаровай ахвяры хлебнай. 
І ён даў мне разуменьне, і гаварыў са мной, і сказаў: «Данііле, цяпер я выйшаў, каб навучыць цябе разуменьню. 
На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў распавесьці яго, бо ты найкаштоўнейшы. Дык разумей слова і зразумей відзеж. 
Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць меру грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых. 
Дык ведай і разумей: ад выхаду слова пра вяртаньне і адбудову Ерусаліму да Памазанца Правадыра — сем тыдняў і шэсцьдзясят два тыдні, і вернецца народ, і будзе адбудаваная плошча і мур, але ў цяжкія часы. 
І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана быць спусташэньням. 
Ён зацьвердзіць запавет для многіх у адзін тыдзень, і ў палове тыдня спыніцца ахвяра крывавая і ахвяра хлебная, і на крыле сьвятыні будзе агіда спусташэньня аж да канца, калі вызначаны прысуд выльецца на спусташальніка». 
