﻿ДАНІІЛ.
7.
У першы год Бэльшацара, валадара Бабілонскага, Данііл бачыў сон і відзеж галавы сваёй на ложку сваім. Тады ён запісаў гэты сон і расказаў сутнасьць справы. 
Адказаў Данііл і сказаў: «Я бачыў відзеж уначы. І вось, чатыры вятры нябесныя ўзбурылі мора вялікае. 
І чатыры вялізныя зьвяры выйшлі з мора, адрозныя адзін ад аднаго. 
Першы — як леў, і ў яго арліныя крылы. Я бачыў, ажно крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты з зямлі, і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму. 
І вось іншы зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, быў пастаўлены з аднаго боку, і тры рабрыны ў пашчы ягонай, між зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: “Устань, еш шмат мяса”. 
Пасьля гэтага я бачыў, і вось яшчэ адзін, як леапард, у якога на хрыбце ягоным чатыры крылы птушыныя; і чатыры галавы ў зьвера, і ўлада была дадзена яму. 
Пасля гэтага я бачыў у відзежах начных, і вось зьвер чацьвёрты, жахлівы і жудасны, і дужы надзвычайна; і ў яго зубы вялікія жалезныя; ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі. І ён адрозьніваўся ад усіх зьвяроў, якія былі перад ім, і дзесяць рагоў у яго. 
Я прыглядаўся, глядзеў на рогі, і вось, адзін рог малы вырас сярод іх, і тры першыя рогі былі вырваны з карэньнем перад ім, і вось, вочы, як вочы чалавечыя, у рога гэтага і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы. 
Я бачыў, аж былі пастаўлены пасады, і Старадаўні Днямі сеў; адзеньне Ягонае — белае як сьнег, і валасы на галаве Ягонай — як воўна чыстая; пасад Ягоны — полымя агню, колы Ягоныя — агонь палючы. 
Рака агню выцякала і разьлівалася перад Ім; тысяча тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысячаў дзесяткаў тысячаў стаялі перад Ім. Суд сеў, і кнігі былі разгорнутыя. 
Я бачыў тады, што з прычыны голасу словаў вялікіх, якія гаварыў рог, я бачыў, што зьвер быў забіты, і зьнішчана цела ягонае, і аддадзена на спаленьне агню. 
А ў рэшты зьвяроў была забрана ўлада іхняя, але працягласьць жыцьця іхняга дадзена ім да вызначанай пары і часу. 
Я бачыў у відзежах начных, і вось, з хмарамі нябеснымі нібы Сын Чалавечы надыходзіць, і Ён прыйшоў да Старадаўняга Днямі, і Яго падвялі перад аблічча Ягонае. 
І была дадзена Яму ўлада, слава і валадарства, каб усе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — улада вечная, якая не праміне, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана. 
І занепакоіўся дух мой у-ва мне, у Данііле, унутры цела майго, і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне. 
Я наблізіўся да аднаго з тых, што там стаялі, і спытаўся ў яго праўды пра ўсё гэта, і ён сказаў мне, і паведаміў мне значэньне рэчаў гэтых. 
“Гэтыя зьвяры вялікія, якіх чатыры, — гэта чатыры валадары, якія паўстануць з зямлі. 
І атрымаюць валадарства сьвятыя Найвышэйшага і яны будуць трымаць валадарства вечна, на вякі вечныя”. 
Тады я хацеў дазнацца пра зьвера чацьвёртага, які адрозьніваўся ад усіх іх, надзвычайна жудасны, зубы ягоныя жалезныя і кіпцюры ягоныя мядзяныя, ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі, 
і пра дзесяць рагоў на галаве ягонай, і пра іншы рог, які вырас і перад ім упалі тры, і пра рог гэты, і вочы ягоныя, і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы, і выгляд ягоны большы за супольнікаў ягоных. 
Я бачыў, і гэты рог вёў вайну са сьвятымі, і перамагаў іх, 
пакуль не прыйшоў Старадаўні Днямі, і суд быў дадзены сьвятым Найвышэйшага, і надыйшоў час вызначаны, каб валадарства атрымалі сьвятыя. 
Гэтак ён сказаў: “Зьвер чацьвёрты — гэта валадарства чацьвёртае, што будзе на зямлі; яно адрознае ад усіх валадарстваў, і яно зжарэ ўсю зямлю, і стопча яе, і патрушчыць яе. 
А дзесяць рагоў значаць, што з гэтага валадарства паўстане дзесяць валадароў, а пасьля іх паўстане адзін, і ён будзе адрозьнівацца ад іншых, і ён скіне трох валадароў. 
І словы супраць Найвышэйшага ён будзе прамаўляць, і сьвятых Найвышэйшага будзе ўціскаць, і задумае адмяніць сьвяты і закон, і яны будуць аддадзеныя ў руку ягоную да часу, часоў і паловы часу. 
І суд сядзе, і ўладу ягоную забяруць, каб выгубіць і зьнішчыць яго да канца. 
Валадарства і ўлада і веліч валадарстваў пад усім небам будзе дадзена народу сьвятых Найвышэйшага. Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўсе ўлады будуць служыць Яму і будуць слухаць Яго”. 
Дагэтуль канец слова гэтага. Мяне, Данііла, думкі мае вельмі трывожылі, і выгляд мой зьмяніўся ў мяне; але слова гэтае я захаваў у сэрцы маім». 
