﻿КНІГА ПРАРОКА ДАНІІЛА.
1.
 У трэці год валадараньня Егаякіма, валадара Юды, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да Ерусаліму і аблёг яго. 
І аддаў Госпад у руку ягоную Егаякіма, валадара Юды, і частку начыньняў Дому Божага, і ён занёс іх у зямлю Шынэар у дом бога свайго, і ўнёс начыньні гэтыя ў скарбніцу бога свайго. 
І сказаў валадар Ашпэназу, начальніку эўнухаў сваіх, каб ён прывёў з сыноў Ізраіля і з насеньня валадарскага і княскага 
юнакоў, якія ня маюць у сабе аніякай заганы, ма­юць добры выгляд, разуме­юць усякую мудрасьць, і кемлівыя ў навучаньні, і здольныя да ведаў, каб яны мелі сілу стаяць у палацы валадарскім і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйскай. 
І вызначыў ім валадар на кожны дзень ежу валадара і віно, якое сам піў, каб гадаваць іх так тры гады, каб пасьля заканчэньня іх яны сталі перад абліччам валадара. 
І былі сярод іх з сыноў Юды Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. 
І даў ім начальнік эўнухаў імёны, Даніілу даў імя Бэльтэшацар, Ананію — Шадрах, Мішаэлю — Мэшах, а Азарыі — Авэд-Нэго. 
І пастанавіў Данііл у сэрцы сваім, што ён ня будзе апаганьвацца ежаю валадара і віном, якое той піў; і ён прасіў начальніка эўнухаў, каб яму не апаганіцца. 
І даў Бог Даніілу міласэрнасьць і спагаду перад абліччам начальніка эўнухаў. 
І сказаў начальнік эўнухаў Даніілу: «Я баюся пана майго, валадара, які вызначыў для вас ежу і напоі. Бо калі ён убачыць, што абліччы вашыя марнейшыя, чым у іншых юнакоў вашага веку, тады вы наразіце на небясьпеку галаву маю перад валадаром». 
І сказаў Данііл наглядчыку, якога начальнік эўнухаў паставіў над Даніілам, Ананіем, Мішаэлем і Азарыем: 
«Выспрабуй, калі ласка, слугаў тваіх дзён дзесяць; і няхай даюць нам гародніну, і мы будзем есьці, і ваду, і мы будзем піць. 
І паглядзіш на выгляд наш і выгляд юнакоў, якія ядуць ежу валадара; і паводле таго, што ўбачыш, рабі са слугамі тваімі». 
І ён паслухаў іх у гэтай справе, і выспрабоўваў іх дзесяць дзён. 
І ў канцы дзесяці дзён выгляд іхні выяўвіўся лепшым і цела іхняе было здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу валадара. 
І сталася, што наглядчык забіраў ад іх ежу і віно, якое яны мелі піць, і даваў ім гародніну. 
І гэтым чатыром юнакам Бог даў веды і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Данііл разумеў усякія ві­дзежы і сны. 
І пасьля заканчэньня дзён, калі валадар сказаў прывесьці іх, начальнік эўнухаў прывёў іх перад аблічча Навухаданосара. 
І гаварыў з імі валадар, і не знайшлося сярод іх усіх такіх, як Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. І яны сталі перад абліччам валадара. 
І ў-ва ўсіх справах мудрасьці і разуменьня, пра што валадар пытаўся ў іх, ён знайшоў іх у дзесяць разоў лепшымі за ўсіх варажбітоў і астролягаў, якія былі ў-ва ўсім валадарстве ягоным. 
І Данііл быў там да першага году валадара Кіра. 
