﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
47.
І ён завёў мяне да ўваходу ў Дом Божы. І вось, вада выцякала з-пад парогу Дому Божага на ўсход, бо пярэдні бок Дому гэтага быў на ўсход; а вада выцякала з-пад правага боку Дому, з паўднёвага боку ад ахвярніка. 
І ён вывеў мяне шляхам праз браму паўночную, і павёў мяне звонку вакол да вонкавай брамы шляхам, скіраваным на ўсход. І вось вада выцякала з-пад правага боку Дому. 
І выйшаў той муж на ўсход, і шнур меральны ў руцэ ягонай. І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, і вада была да костак. 
І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, і вада была да каленяў. І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне, і вада была да паясьніцы. 
І ён адмерыў тысячу локцяў, і быў струмень, праз які ня мог я перайсьці, бо вада ўзьнялася, і стала вада для плаваньня, струмень, праз які нельга перайсьці. 
І ён сказаў мне: «Ці ты бачыў гэта, сыне чалавечы?» І ён павёў мяне, і завёў на бераг струмяня гэтага. 
Калі я вярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе струмяня вельмі шмат дрэваў. 
І ён сказаў мне: «Вада гэтая цячэ на абшар усходні, і зыходзіць на стэп, упадае ў Мора Салёнае, і разьліваецца ў моры, і воды тыя становяцца здаровымі. 
І станецца, што ўсякая душа жывая, якая там множыцца, куды толькі прыйдзе струмень гэты, будзе жыць, і будзе там вельмі шмат рыбы, бо куды дацякуць тыя воды, там усё будзе аздароўлена і будзе жыць усё там, куды дацячэ струмень гэты. 
І станецца, што будуць над ім стаяць рыбакі, ад Эн-Геды аж да Эн-Эгляіму, і будзе гэта месца на стаўленьне сетак, і будуць там рыбы паводле гатунку свайго, як рыбы з Мора Вялікага, будзе іх вельмі шмат. 
Але балоты ягоныя і затокі ягоныя ня будуць аздароўлены, бо яны дадзеныя для солі. 
А пры струмяні на беразе ягоным з аднаго і другога боку будуць расьці ўсялякія дрэвы пладовыя, і лісьце іхняе ня зьвяне, і плады іхнія ня спыняцца, кожны месяц будуць яны радзіць новыя плады, бо воды гэтыя выходзяць са сьвятыні. І будуць плады іхнія на ежу, а лісьце іхняе — на лекі». 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэта мяжа, у якой вы ўспадкаеміце зямлю для дванаццаці каленаў Ізраіля. Язэп будзе мець дзьве часткі. 
І вы ўспадкаеміце яе, кожны так, як брат ягоны, бо Я ўзьняў руку Маю, што дам яе бацькам вашым. І будзе зямля гэтая для вас у спадчыну. 
Гэта межы зямлі: з паўночнага боку ад Мора Вялікага ў накірунку да Хэтлёну, як ісьці ў Цэдаду, 
Хамат, Бэроту і Сібраім, якія паміж мяжой Дамаску і мяжой Хамату, Хацар-Гатыхону, які на мяжы Хаўрану. 
І будзе мяжа ад Мора да Хацар-Энону, паўночная мяжа Дамаску і мяжа Хамату на поўначы. Гэта бок паўночны. 
А з боку ўсходняга — паміж Хаўранам і Дамаскам, паміж Гілеадам і зямлёй Ізраіля, па Ярдану мяжу аж да Мора Усходняга вы будзеце мерыць. Гэта бок усходні. 
А з боку паўднёвага ў правы бок — ад Тамару аж да водаў Мэрывот-Кадэшу, уздоўж ручая да Мора Вялікага. Гэта бок паўднёвы з правага боку ў бок Нэгеву. 
А з боку заходняга — Мора Вялікае ад мяжы аж да месца насупраць уваходу ў Хамат. Гэта бок заходні. 
І вы падзеліце зямлю гэтую для сябе паводле дванаццаці каленаў Ізраіля. 
І станецца, што вы падзеліце яе жэрабем на спадчыну для вас і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас, і будуць яны для вас як тутэйшыя сярод сыноў Ізраіля, разам з вамі яны кінуць жэрабя пра спадчыну сярод каленаў Ізраіля. 
І станецца, што ў тым калене, у якім жыве прыхадзень, дасьцё яму спадчыну ягоную, кажа Госпад ГОСПАД. 
