﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
46.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Брама ўнутранага панадворку, зьвернутая на ўсход, будзе замкнёная шэсьць дзён працы, а ў дзень адпачынку будзе адчыненая, і ў дзень маладзіка будзе адчыненая. 
І ўвойдзе князь праз прысенкі брамы звонку, і стане каля вушакоў брамы. І складуць сьвятары цэласпаленьне і ахвяру мірную, а ён паклоніцца на парозе брамы, і выйдзе, а брама ня будзе замкнёная аж да вечара. 
І будзе пакланяцца народ зямлі пры ўваходзе брамы гэтай у суботы і ў маладзікі перад абліччам ГОСПАДА. 
І цэласпаленьне, якое князь складзе для ГОСПАДА ў дзень суботы — шэсьць ягнятаў без заганы і баран без заганы. 
І ахвяра хлебная — эфа на барана, а на ягнятаў ахвяра хлебная — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу. 
А ў дзень маладзіка няхай будзе бычок, сын ялаўкі, без заганы, шэсьць ягнятаў і баран без заганы. 
І эфу на бычка, і эфу на барана складзе ён як ахвяру хлебную, а на ягнятаў — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу. 
А калі будзе прыходзіць князь, ён увойдзе шляхам праз прысенкі брамы і выйдзе тым самым шляхам. 
А калі народ зямлі ў час урачыстасьці будзе прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА, той, хто прыйшоў шляхам праз браму паўночную, каб пакланіцца, выйдзе шляхам праз браму паўднёвую, а хто ўвайшоў шляхам праз браму паўднёвую, выйдзе шляхам праз браму паўночную. Ніхто ня вернецца шляхам праз тую браму, праз якую ўвайшоў, але выйдзе праз супрацьлеглую. 
І князь будзе пасярод іх. Калі яны ўваходзяць, і ён увойдзе, і калі яны выходзяць, і ён выйдзе. 
У сьвяты і ўрачыстасьці будзе ахвяра хлебная — эфа на бычка і эфа на барана; а на ягнятаў — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу. 
А калі князь зробіць дар дабраахвотны, ці цэласпаленьне, ці ахвяру мірную як дар дабраахвотны для ГОСПАДА, няхай адчыняць яму браму, зьвернутую на ўсход, і няхай ён складзе цэласпаленьне сваё і ахвяру мірную сваю так, як гэта робіць у дзень суботы, і выйдзе, і замкнуць браму пасьля адыходу ягонага. 
І ягня аднагадовае без заганы складзеш як цэласпаленьне штодзень для ГОСПАДА, кожную раніцу будзеш складаць яго. 
А як ахвяру хлебную пры ім кожную раніцу складзеш адну шостую эфы і адну трэцюю гіну алею, каб акрапіць найлепшую муку як ахвяру хлебную для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная, назаўсёды. 
І будуць складаць ягня і ахвяру хлебную, і алей кожную раніцу, цэласпаленьне заўсёднае. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Калі князь дасьць дар аднаму з сыноў сваіх са спадчыны сваёй, гэта будзе належаць сынам ягоным, гэта ўласнасьць іхняя ў спадчыну. 
А калі ён дасьць дар з уласнасьці сваёй аднаму са слугаў сваіх, гэта будзе належаць да яго аж да году вызваленьня ягонага, і вернецца да князя. Толькі тая ўласнасьць, якую ён даў сынам сваім, для іх будзе. 
І ня возьме князь са спадчыны народу, забіраючы ў іх уласнасьць іхнюю. З уласнасьці сваёй ён дасьць спадчыну сынам сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў пазбаўлены ўласнасьці сваёй”». 
І ён правёў мяне праз уваход, які з боку ад брамы, у пакоі сьвятыя для сьвятароў, якія зьвернутыя на поўнач. І вось, там месца ў найдалейшым баку з заходняга боку. 
І ён сказаў мне: «Гэта месца, дзе сьвятары будуць варыць ахвяры аднагараджэньня і ахвяры за грэх, дзе будуць пячы ахвяры хлебныя, каб не выносіць іх на вонкавы панадворак, асьвячаючы гэтым народ». 
І ён завёў мяне на вонкавы панадворак, і правёў мяне каля чатырох кутоў панадворку. І вось, панадворкі ў кожным куце панадворку. 
У чатырох кутах пана­дворку былі малыя пана­дворкі, даўжынёю ў сорак локцяў і шырынёю ў трыц­цаць локцяў. Усе чатыры мелі той самы памер. 
І мур кругом тых чатырох з усіх бакоў, а ніжэй, пры муры, былі вогнішчы наўкола. 
І ён сказаў мне: «Гэта дом на гатаваньне, дзе тыя, якія служаць пры Доме гэтым, будуць варыць ахвяры народу». 
