﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
45.
Калі будзеце кідаць жэрабя пра зямлю на спадчыну, выдзеліце сьвяты дар для ГОСПАДА з зямлі, даўжынёю на дваццаць пяць тысячаў прутоў і шырынёю на дваццаць тысячаў прутоў. Ён сьвяты ў-ва ўсім абшары сваім наўкола. 
З гэтага да сьвятыні будзе належаць чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот прутоў наўкола, а на пяцьдзясят локцяў вакол будзе вольнае месца. 
А з гэтага абсягу адмераеш абшар даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў прутоў і шырынёю ў дзесяць тысячаў прутоў, і на ім будзе сьвятыня, Сьвятое Сьвятых. 
Гэта сьвятая частка зямлі; яна будзе для сьвятароў, якія служаць пры сьвятыні, якія набліжаюцца, каб служыць ГОСПАДУ; і будзе гэта для іх месца на дамы і месцам сьвятым для сьвятыні. 
І абшар даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў прутоў і шырынёю ў дзесяць тысячаў прутоў будзе для лявітаў, якія служаць пры Доме гэтым; для іх на ўласнасьць дваццаць пакояў. 
А на ўласнасьць гораду дасьцё абшар шырынёю ў пяць тысячаў прутоў і даўжынёй у дваццаць пяць тысячаў прутоў, насупраць сьвятой часткі. Гэта будзе для ўсяго дому Ізраіля. 
А для князя будзе абшар па абодвух баках часткі сьвятой і ўласнасьці гораду ўздоўж часткі сьвятой і ўздоўж уласнасьці горада з боку заходняга на захад і з боку ўсходняга на ўсход, і даўжыня такая, як частка калена ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй. 
Гэта зямля будзе яму на ўласнасьць у Ізраілі, і ня будуць больш уціскаць князі народ Мой, але дадуць зямлю дому Ізраіля паводле каленаў ягоных. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Досыць вам, князі Ізраіля! Кіньце гвалт і прыгнёт, а чыніце суд і праведнасьць! Пакіньце выганяць з зямлі народ Мой, кажа Госпад ГОСПАД”. 
Няхай у вас будзе вага праведная, эфа праведная і бат праведны. 
Эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, так, каб бат меў дзясятую частку гомара і эфа мела дзясятую частку гомара. Паводле гомара будзе мера іхняя. 
Сыкль мае мець дваццаць гэраў; дваццаць сыкляў, дваццаць пяць сыкляў і пятнаццаць сыкляў няхай будзе для вас міна. 
Гэта ёсьць дар, які вы будзеце прыносіць: шостую частку эфы з гомару пшаніцы і шостую частку эфы з гомару ячменю. 
І пастанова пра алей адносна бату алею — дзясятая частка бату з кору, дзесяць батаў — гэта гомар, бо дзесяць батаў — гомар. 
І адно ягня з двухсот авечак з пашаў Ізраіля — на ахвяру хлебную, на цэласпаленьне і ахвяру мірную, каб ачысьціць іх, кажа Госпад ГОСПАД. 
Увесь народ зямлі гэтай будзе дары гэтыя даваць князю Ізраіля. 
А князь мае рупіцца пра цэласпаленьне, ахвяру хлебную і вадкую на сьвяты, маладзікі, суботы і на ўсе ўрачыстасьці дому Ізраіля. Ён робіць ахвяру за грэх, ахвяру хлебную, цэласпаленьні і ахвяры мірныя, каб ачысьціць дом Ізраіля. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У першым месяцы, у першы дзень месяца возьмеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і ачысьціш сьвятыню. 
І возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх, і пакрапіць ёю вушакі дзьвярэй Дому Божага, чатыры рагі абрамаваньня ахвярніка, вушакі брамы ўнутранага панадворку. 
І так зробіш у сёмы дзень першага месяца, за кожнага, хто саграшыў праз няўвагу або бязглуздасьць, і ачысьціце Дом Божы. 
У першым месяцы, у чатырнаццаты дзень месяца будзе ў вас Пасха, сьвята сямі- дзённае, калі будзеце есьці праснакі. 
І князь у той дзень складзе бычка як ахвяру за грэх, за сябе і за ўвесь народ зямлі. 
І сем дзён сьвята ён будзе ахвяроўваць цэласпаленьне для ГОСПАДА, сем бычкоў, сем бараноў без заганы штодзень сем дзён, і як ахвяру за грэх штодзень аднаго казла. 
І складзе ахвяру хлебную, эфу на бычка і эфу на барана, і гін алею на эфу. 
У сёмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца ў сьвята будзе ён ахвяроўваць сем дзён як ахвяру за грэх, так і цэласпаленьне, як ахвяру хлебную, так і алей. 
