﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
44.
І завярнуў мяне на шлях зьнешняй брамы месца сьвятога, скіраванай на ўсход, і яна была замкнёная. 
І сказаў мне ГОСПАД: «Брама гэтая будзе замкнёная, і ня будзе адчыняцца, і ніводзін чалавек ня ўвойдзе праз яе, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, увайшоў праз яе, і яна будзе замкнёная. 
Князь, толькі князь будзе сядзець у ёй, каб спажываць хлеб перад абліччам ГОСПАДА. Шляхам праз прысенкі пры браме ўвойдзе і тым самым шляхам выйдзе». 
І завёў мяне шляхам брамы паўночнай перад аблічча Дому Божага, і я ўбачыў, і вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА, і я ўпаў на аблічча маё. 
І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, зьвярні сэрца тваё, і пабач вачыма тваімі, і паслухай вушамі тваімі ўсё, што Я скажу табе адносна ўсіх пастановаў Дому ГОСПАДА і адносна ўсіх законаў ягоных, і зьвярні сэрца тваё на ўсе ўваходы ў Дом гэты і на ўсе выхады з месца сьвятога. 
І скажаш да бунтаўнікоў, да дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Хопіць ужо ўсіх брыдотаў вашых, дом Ізраіля. 
Вы ўвялі чужынцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб яны былі ў сьвятыні Маёй, і паганілі Дом Мой, калі складалі ў ахвяру хлеб Мой, тлушч і кроў; і парушылі запавет Мой брыдотамі сваімі, 
і не пільнавалі служэньня сьвятога Майго, і паставілі іх пільнаваць варту Маю ў сьвятыні Маёй. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня ўвойдзе ў сьвятыню Маю, ніводзін чужынец, які сярод сыноў Ізраіля. 
А тыя лявіты, якія аддаліліся ад Мяне, калі блукаў Ізраіль, калі адступіў ад Мяне, ідучы за ідаламі сваімі, яны панясуць беззаконьне сваё. 
І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім. 
За тое, што яны служылі ім перад абліччам ідалаў іхніх і сталіся для дому Ізраіля прычынай беззаконьня, Я ўзьняў руку Маю супраць іх, кажа Госпад ГОСПАД, і яны панясуць беззаконьні свае. 
І яны не наблізяцца да Мяне, каб быць сьвятарамі для Мяне і каб набліжацца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, і будуць насіць ганьбу сваю і брыдоты свае, якія ўчынілі. 
І Я прызначу іх вартаўнікамі на варце Дому гэтага, да ўсякіх працаў і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім. 
Але сьвятары лявіты, сыны Цадока, якія вартавалі варту сьвятыні Маёй, калі сыны Ізраіля адыйшлі ад Мяне, яны наблізяцца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць перад абліччам Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў, кажа Госпад ГОСПАД. 
Яны будуць уваходзіць у сьвятыню Маю, і яны будуць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і вартаваць варту Маю. 
І станецца, калі яны будуць уваходзіць у брамы ўнутранага панадворку, яны апрануць шаты ільняныя; няхай не апранаюць на сябе воўну, калі вартуюць пры брамах унутранага панадворку і ў Доме гэтым. 
Турбаны ільняныя будуць на галовах іхніх і порткі ільняныя будуць на сьцёгнах іхніх. Ня будуць яны падпярэзвацца, каб не пацець. 
А калі будуць выходзіць на вонкавы панадворак, на панадворак вонкавы да народу, яны здымуць шаты свае, у якіх яны служылі, і пакладуць у пакоях сьвятых, і апрануць іншыя шаты, каб не асьвячаць народ, дакранаючыся шатамі сваімі. 
І галавы сваёй яны ня будуць галіць, і ня будуць запускаць доўгіх валасоў, але, стрыгучы, будуць стрыгчы галовы свае. 
І ня будзе піць віна кожны сьвятар, калі будуць уваходзіць на ўнутраны панадворак. 
І ўдавы або пакінутай ня возьмуць яны за жонку, але толькі дзяўчыну з насеньня дому Ізраіля ці ўдаву, якая стала ўдавой па мужу сьвятару. 
І яны будуць навучаць народ Мой адрозьніваць паміж тым, што сьвятое, і тым, што звычайнае, і будуць вучыць адрозьніваць паміж тым, што нячыстае, і тым, што чыстае. 
У справах спрэчных яны стануць, каб судзіць у судзе і судом Маім, судзячы, судзіць іх. І будуць захоўваць закон Мой і пастановы Мае ў-ва ўсіх урачыстасьцях Маіх, і суботы Мае будуць сьвяціць. 
І да мёртвага чалавека не падыйдуць, каб не занячысьціцца, толькі дзеля бацькі, маці, сына, дачкі, брата і сястры, якая ня мела мужа, могуць яны занячысьціцца. 
А пасьля ачышчэньня свайго адлічаць яму яшчэ сем дзён. 
І ў дзень, калі ён увойдзе ў сьвятыню, на ўнутраны панадворак, каб служыць у сьвятыні, ён ахвяруе за грэх свой, кажа Госпад ГОСПАД. 
І гэта будзе ім за спадчыну. Я — спадчына іхняя. І не дасьцё ім уласнасьці ў Ізраілі, бо Я — уласнасьць іхняя. 
Ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня будуць яны спажываць, і ўсё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе іхнім. 
І найлепшае з усіх пяршынаў, і кожны дар, усё спаміж дароў вашых будзе для сьвятароў. І найлепшае цеста вашае дайце сьвятарам, каб дабраславенства супачывала на доме вашым. 
Аніякай падліны і таго, што разьдзёртае, ці з птушак, ці з быдла, ня будуць есьці сьвятары. 
