﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
43.
І ён павёў мяне да брамы, брамы, якая была зьвернута на шлях на ўсход. 
І вось, слава Бога Ізраіля прыйшла па шляху з усходу, а голас Ягоны — быццам шум водаў вялікіх, і зямля сьвяцілася ад славы Ягонай. 
І выгляд таго, што я бачыў, такі, як выгляд таго, што я бачыў, калі прыйшоў, каб зьніш­чыць горад, выгляд такі, як выгляд таго, што я бачыў над ракой Кевар. І я ўпаў на аблічча маё. 
І слава ГОСПАДА ўвайшла ў Дом Божы праз браму, якая была скіраваная на шлях на ўсход. 
І падняў мяне дух, і завёў на ўнутраны панадворак. І вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом. 
І я пачуў Таго, Хто прамовіў да мяне з Дому Божага, а той муж стаяў каля мяне. 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, гэта месца пасаду Майго, месца стопаў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод сыноў Ізраіля. І больш не апага­ніць дом Ізраіля імя Маё сьвятое, яны і валадары іхнія, распустаю сваёю і парэшткамі валадароў сваіх на ўзгорках іхніх. 
Яны паставілі парог свой каля парогу Майго і вушакі свае каля вушакоў Маіх, так што толькі сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё сьвятое брыдотамі сваімі, якія рабілі, і Я вынішчыў іх у гневе Маім. 
Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне распусту сваю і парэшткі валадароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на вякі. 
А ты, сыне чалавечы, паведамі дому Ізраіля пра Дом гэты, і яны будуць саромецца беззаконьняў сваіх, і няхай зьмераюць памеры ўзору гэтага. 
І калі яны будуць саромецца з прычыны ўсяго, што зрабілі, паведамі ім выгляд Дому гэтага і ўладкаваньне яго, выхады ягоныя і ўваходы ягоныя, і ўсе рысункі ягоныя, і ўсе правілы ягоныя, і ўсе пастановы ягоныя, і ўсе законы ягоныя, і запішы іх перад вачыма іхнімі, каб яны трымаліся ўсіх рысункаў гэтых і ўсіх пастановаў гэтых, і выканалі іх». 
Гэта закон Дому Божага.На вяршыні гары ўвесь абшар з усіх бакоў наўкола — Сьвятое Сьвятых. Вось гэта закон Дому гэтага. 
А гэта памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні. Аснова ягоная — локаць і шырыня локаць, а абрамаваньне на краі ягоным кругом — адна пядзя. Гэта вышыня ахвярніка: 
ад асновы на зямлі да ніжняга абрамаваньня — два локці, а шырыня — адзін локаць, а ад малога абрамаваньня да вялікага абрамаваньня — чатыры локці, а шырыня — локаць. 
Вогнішча на ахвяры — чатыры локці, і з вогнішча ўгару — чатыры рагі. 
Вогнішча мае дванаццаць локцяў даўжыні і дванаццаць локцяў шырыні, чатырохкутнае, на чатыры свае бакі роўнае. 
Абрамаваньне — чатырнаццаць локцяў даўжыні і чатырнаццаць локцяў шырыні на чатыры бакі свае, а ўзьмежак, які вакол яго, — палову локця, а аснова ягоная — локаць наўкола. А прыступкі ягоныя скіраваныя на ўсход. 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось пастановы адносна ахвярніка на дзень, калі ён будзе пабудаваны, каб на ім складаць цэласпаленьні і каб акрапляць яго крывёй. 
І ты дасі сьвятарам лявітам, якія з насеньня Цадока і маюць набліжацца да Мяне, кажа Госпад ГОСПАД, каб служыць Мне, бычка, сына ялаўкі, як ахвяру за грэх. 
І возьмеш крыві ягонай, і пакропіш ёю чатыры рагі ахвярніка, і чатыры рагі абрамаваньня і ўзьмежак наўкола, і ачысьціш яго, і будзеш перамольваць за яго. 
І возьмеш бычка ахвяры за грэх, і спаліш яго на вызначаным месцы Дому Божага па-за месцам сьвятым. 
А на другі дзень ахвяруеш казла без заганы як ахвяру за грэх, і ачысьціш ахвярнік так, як ачысьцілі яго, ахвяроўваючы бычка. 
І калі скончыш ачышчэньне, ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і барана спаміж авечак без заганы. 
І ахвяруеш іх перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятары кінуць на іх соль, і ахвяруюць іх як цэласпаленьне для ГОСПАДА. 
Сем дзён будзеш ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх штодзень. І ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, і барана спаміж авечак, без заганы. 
Сем дзён будзеш перамольваць за ахвярнік, і ачышчаць яго, і будуць напоўненыя рукі сьвятароў. 
І скончацца тыя дні, і станецца ў восьмы дзень і пазьней, што сьвятары будуць ахвяроўваць на ахвярніку цэласпаленьні вашыя і ахвяры мірныя вашыя, і Я буду для вас спагадны, кажа Госпад ГОСПАД». 
