﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
42.
І ён вывеў мяне на панадворак вонкавы шляхам у накірунку на поўнач і завёў мяне ў пакой, які насупраць адгароджанай прасторы і насупраць будынку з паўночнага боку. 
З пярэдняга боку даўжыня ягоная — сто локцяў, выхад на поўнач, а шырыня — пяцьдзясят локцяў. 
Насупраць — дваццаць локцяў панадворку ўнутранага, і насупраць — узвышэньне, якое на панадворку вонкавым, і галерэі адна ўздоўж другой на трох паверхах. 
А перад пакоямі праход шырынёю ў дзесяць локцяў унутры, на адлегласьць у сто локцяў, і ўваход у яго з поўначы. 
Верхнія пакоі былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія пакоі будынку, бо галерэі займалі частку прасторы. 
Былі яны трохпавярховыя і ня мелі слупоў такіх, як слупы на панадворках, і таму былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія, якія на зямлі. 
А мур, які звонку ўздоўж пакояў у накірунку вонкавага панадворку насупраць пакояў, меў даўжыню ў пяцьдзясят локцяў. 
Бо даўжыня пакояў, якія пры вонкавым панадворку, — пяцьдзясят локцяў, а тых, што перад Сьвятыняй — сто локцяў. 
А пад тымі пакоямі — праход ад усходу, калі ўваходзіць у іх з вонкавага панадворку. 
На шырыню муру панадворку шляхам на поўдзень перад адгароджанай прасторай і перад будынкам — пакоі. 
І дарога перад імі, як уваход у пакоі, якія на шляху на поўнач, як у даўжыню, так і ў шырыню, з усімі іхнімі выхадамі, уладкаваньнямі і ўваходамі. 
А ўваходы ў пакоі, якія на шляху на поўдзень, былі як уваход на пачатку праходу, які перад адпаведным мурам, на шляху на ўсход, калі ўваходзіць у яго. 
І сказаў ён мне: «Пакоі паўночныя і пакоі паўднёвыя, якія перад адгароджанай прасторай, гэта пакоі сьвятыя, дзе сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, спажываюць сьвятое сьвятых; там яны складаюць сьвятое сьвятых, ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня, бо гэта месца сьвятое. 
Калі сьвятары ідуць пасьля служэньня, яны не павінны выходзіць з гэтага месца сьвятога на вонкавы панадворак, але там скінуць шаты свае, у якіх спраўляюць служэньне сваё, бо яны сьвятыя, і апрануць шаты іншыя, і тады наблізяцца да месца, прызначанага для народу». 
І ён скончыў мераць унутраныя будынкі Дому Божага, павёў мяне шляхам да брамы, зьвернутай на шлях на ўсход, і зьмераў з усіх бакоў наўкола. 
Ён зьмераў бок усходні прутом меральным: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола. 
Зьмераў бок паўночны: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола. 
І зьмераў бок паўднёвы: пяцьсот прутоў прутом меральным. 
І павярнуўся да заходняга боку, і намераў пяцьсот прутоў прутом меральным. 
Ён зьмераў чатыры бакі. Мур быў з усіх бакоў наўкола даўжынёю ў пяцьсот і шырынёю ў пяцьсот прутоў, каб аддзяліць сьвятое ад звычайнага. 
