﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
41.
І ён увёў мяне ў сьвятыню, і зьмераў філяры, і было шэсьць локцяў з аднаго боку і шэсьць локцяў з другога боку, шырыня намёту. 
Шырыня ўваходу — дзесяць локцяў, а бакі ўваходу — пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і зьмераў даўжыню ягоную — сорак локцяў, і шырыню ягоную — дваццаць локцяў. 
І ўвайшоў у сярэдзіну, і зьмераў філяры пры ўваходзе — два локці, а ўваход — шэсьць локцяў, і шырыня ўваходу — сем локцяў. 
І зьмераў даўжыню ягоную — дваццаць локцяў, а шырыня — дваццаць локцяў да пярэдняга боку сьвятыні. І ён сказаў мне: «Гэта Сьвятое Сьвятых». 
І ён зьмераў мур Дому Божага — шэсьць локцяў, а шырыня бакавога пакою — чатыры локці з усіх бакоў наўкола кругом Дому. 
І гэтых бакавых пакояў, пакой пры пакоі, — трыццаць у тры шэрагі; і яны абапіраліся на мур, які пабудаваны ўздоўж Дому з усіх бакоў наўкола для падтрыманьня бакавых пакояў, і пакоі не абапіраліся на мур Дому Божага. 
І ён пашыраўся ўгару да бакавых пакояў, бо галерэі ішлі вакол Дому. Дзеля гэтага шырыня Дому ўгары была большай, і знізу ўваходзілі ў верхні пакой праз сярэдні. 
І я бачыў узвышэньне вакол Дому Божага з усіх бакоў. Падваліны бакавых пакояў мелі шырыню на цэлы прут — шэсьць локцяў. 
Шырыня муру, які з вонкавага боку бакавых пакояў, — пяць локцяў. І вольнае месца ёсьць паміж бакавымі пакоямі пры Доме Божым. 
І паміж пакоямі адлегласьць у дваццаць локцяў з усіх бакоў вакол Дому Божага. 
А выхад з бакавога пакою быў на адкрытую прастору, адзін выхад на шлях на поўнач, і адзін выхад на поўдзень, а шырыня вольнага месца — пяць локцяў з усіх бакоў вакол. 
Будынак, які быў перад адгароджанай прасторай на шляху на захад, меў шырыню ў семдзясят локцяў, мур будынку меў шырыню пяць локцяў з усіх бакоў кругом і даўжыню дзевяноста локцяў. 
І ён зьмераў Дом Божы, даўжыня ягоная — сто локцяў, а адгароджаная прастора, будынак і муры ягоныя — сто локцяў. 
Шырыня пярэдняга боку Дому з адгароджанай прасторай на ўсход — сто локцяў. 
І ён зьмераў даўжыню будынку перад адгароджанай прасторай, якая за ім, галерэі з аднаго і другога боку — сто локцяў. А сьвятыня ўнутраная і прысенкі панадворку, 
парогі, вокны закратаваныя і галерэі вакол трох паверхаў насупраць парогу былі ашаляваныя дрэвам з усіх бакоў наўкола ад зямлі да вокнаў, а вокны зачыненыя. 
Над уваходам і аж да ўнутранай часткі Дому і навонкі, і на ўсіх сьценах з усіх бакоў наўкола, унутры і звонку, 
зроблены херувімы і пальмы, па адной пальме паміж двума херувімамі; і два абліччы ў кожнага херувіма, 
аблічча чалавечае зьвернута да пальмы з аднаго боку, і аблічча льва зьвернута ў бок пальмы з другога боку. І так зроблена ў-ва ўсім Доме Божым з усіх бакоў наўкола. 
Ад зямлі аж па-над уваход былі зроблены херувімы і пальмы на сьцяне сьвятыні. 
Сьвятыня мела чатырохкутныя вушакі, а перад абліччам Сьвятога Сьвятых было штосьці, што выглядала нібыта 
ахвярнік з дрэва, вышынёю ў тры локці, у два локці даўжыні і ў два локці шырыні, а рогі ягоныя, падставы і сьценкі ягоныя — з дрэва. І ён прамовіў да мяне: «Гэта стол, які перад абліччам ГОСПАДА». 
І Сьвятыня мела дзьверы падвойныя, і Сьвятое Сьвятых. 
Гэтыя дзьверы падвойныя мелі дзьве форткі рухомыя. Дзьве форткі — адны дзьверы, і дзьве форткі — другія. 
І былі зроблены на іх, на дзьвярах Сьвятыні, херувімы і пальмы; яны зроблены так, як на сьценах, і ганак драўляны быў перад прысенкам звонку, 
а вокны закратаваныя і пальмы былі з аднаго і з другога боку на сьценах прысенку, і ў бакавых пакоях Дому Божага, і на ганку. 
