﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
38.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць Гога з зямлі Магог, князя Рошу, Мэшэку і Тувалю, і прароч супраць яго, 
і кажы: “Гэта кажа Гос­пад ГОСПАД. Вось, Я суп­раць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю. 
І Я завярну цябе, і ўкладу гакі ў сківіцы твае, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і вершнікаў, усіх выдатна ўзброеных, збор шматлікі, са шчытамі і тарчамі, усіх узброеных мячамі. 
Пэрсы, Куш і Пут, усе яны са шчытом і шаломам, 
Гомэр і ўсе дружыны ягоныя, дом Тагармы з канцоў поўначы і ўсе дружыны іхнія, і мноства народаў з табою. 
Падрыхтуйся і будзь гатовы, ты і ўсе зборы твае, якія сабраліся кругом цябе, і ты будзеш з імі на варце. 
Праз шмат дзён Я наведаю цябе, пры канцы гадоў ты прыйдзеш у зямлю, якая ацалела ад мяча, у якой сабраны народ спаміж шматлікіх народаў на гарах Ізраіля, што доўга былі руінаю. І ён будзе выве­дзены спасярод народаў, і яны ўсе будуць жыць у бясьпецы. 
І ты ўвойдзеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю. Будзеш там ты і ўсе дружыны твае, і шмат народаў з табою. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. І станецца ў той дзень, і ўвойдуць словы ў сэрца тваё, і ты задумаеш думку ліхую, 
і скажаш: "Вырушу на зямлю неўмацаваную, пайду на людзей спакойных, якія жывуць у бясьпецы, усе яны ня маюць муроў, засавак і брамаў, 
каб рабаваць рабаваньнем і браць здабычу, каб руку сваю зьвярнуць супраць руінаў, якія зноў абжытыя, і супраць народу, які сабраны спасярод народаў, які набывае статкі і маёмасьць, і жыве ў сярэдзіне зямлі". 
Шэва і Дэдан, і купцы з Таршышу, і ўсе ільвяняты ягоныя скажуць табе: "Ці ты прыйшоў узяць здабычу? Ці ты сабраў зборышча тваё, каб рабаваць рабаваньнем, каб вынесьці срэбра і золата, каб узяць для сябе статкі і маёмасьць, каб узяць здабычу вялікую? "” 
Дзеля гэтага прароч, сыне чалавечы, і скажы Гогу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ж у той дзень, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты не даведаешся пра гэта? 
І ты прыйдзеш з месца свайго, з канца поўначы, ты і шмат народаў з табой, усе сядзяць на конях, зборышча вялікае і войска шматлікае. 
І ты выйдзеш супраць народу Майго Ізраіля, як хмара, каб пакрыць зямлю. Пры канцы дзён станецца гэта, і Я прывяду цябе ў зямлю Маю, каб даведаліся пра Мяне народы, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю на табе, Гог, на вачах іхніх”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ты — той, пра якога ў дні старадаўнія Я гаварыў праз рукі слугаў Маіх, прарокаў Ізраіля, якія ў тыя дні прадказвалі, што Я прывяду цябе да іх? 
І станецца ў той дзень, у дзень, калі Гог прыйдзе ў зямлю Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, рэўнасьць Мая ўвойдзе ў ноздры Мае. 
І ў ярасьці Маёй, у полымі гневу Майго Я прамовіў: “Сапраўды, у той дзень станецца землятрус вялікі ў зямлі Ізраіля. 
І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя скалы, і ўсе муры ўпадуць на зямлю. 
І Я паклічу супраць яго меч на ўсіх гарах, кажа Госпад ГОСПАД, меч кожнага зьвернецца супраць брата. 
І Я буду судзіць яго заразаю, крывёй і дажджом залеўным, і градам каменным. Агонь і серку спашлю на яго, і на дружыны ягоныя, і на народы шматлікія, якія з ім. 
І Я ўзьвялічуся, і выяўлю сьвятасьць, і выяўлю Сябе перад вачыма народаў шматлікіх, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”. 
