﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
35.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сын чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць гары Сэір і прароч супраць яе. 
І скажаш ёй: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я суп­раць цябе, гара Сэір, і Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на спусташэньне і разрабаваньне. 
Гарады твае Я зраблю руінамі, і ты станешся пусткаю, і даведаешся, што Я — ГОСПАД. 
За тое, што меў ты вечную варожасьць і аддаў сыноў Ізраіля пад меч у час загубы іхняй, падчас беззаконьня канца іхняга, 
дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я перамяню цябе ў кроў, і кроў будзе перасьледаваць цябе. Бо ты крыві не зьненавідзеў, таму кроў будзе перасьледаваць цябе. 
Гару Сэір Я аддам на спусташэньне і разрабаваньне, і вынішчу на ёй таго, хто ідзе, і таго, хто вяртаецца. 
І Я напоўню забітымі горы твае, і на ўзвышшах тваіх, і ў лагчынах тваіх, і ў-ва ўсіх ярах тваіх будуць падаць пазабіваныя мячом. 
Я зраблю цябе вечнай пусткаю, гарады твае ня будуць абжытыя, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД. 
За тое, што ты сказаў: "Абодва народы і абедзьве зямлі будуць мае, я вазьму іх у спадчыну, хоць там быў ГОСПАД", 
дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я зраблю табе паводле гневу твайго і паводле зайздрасьці тваёй, якую выказаў ты, маючы нянавісьць да іх. І Я стануся вядомым для іх, калі буду судзіць цябе. 
І ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, Я чуў усе зьнявагі твае, якія ты казаў суп­раць гор Ізраіля, кажучы: "Яны спусташэньнем спустошаныя, аддадзеныя нам на ежу". 
Вы вывышаліся адносна Мяне вуснамі сваімі, і памнажалі супраць Мяне словы вашыя, Я чуў гэта. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Як узрадуецца ўся зямля, калі Я зраблю цябе пусткаю. 
І як ты радаваўся, што спадчына дому Ізраіля спустошаная, гэтак сама Я зраблю табе. Пусткаю станецца гара Сэір і ўвесь Эдом, усе вы; і даведаецеся, што Я — ГОСПАД"”. 
