﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
31.
І сталася ў адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, скажы фараону, валадару Эгіпецкаму, і ўсяму мноству ягонаму: “Да каго падобным стаўся ты ў вялікасьці тваёй? 
Вось, Ашур, кедр на Лібане, з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю, гонкі высокасьцю, і паміж хмарамі вершаліна ягоная. 
Воды вырасьцілі яго, бяздоньне ўзьняло яго, рэкі свае ён скіраваў кругом каранёў сваіх і струмяні свае накіраваў да ўсіх дрэваў палявых. 
Таму вышынёй ён стаў вышэйшы за ўсе дрэвы палявыя, і памножыліся галіны ягоныя, і паднялося гальлё ягонае дзеля мноства вады. 
У галінах ягоных парабілі гнёзды ўсе птушкі нябесныя; а пад гальлём ягоным нараджаліся ўсе зьвяры палявыя, і ў ценю ягоным жылі ўсе народы шматлікія. 
І быў ён прыгожы ў вялікасьці сваёй і ў рассахатасьці галінаў сваіх, бо карані ягоныя былі блізка водаў вялікіх. 
Кедры ў садзе Божым не былі роўныя яму, кіпарысы не маглі параўнацца з галінамі ягонымі, явары не маглі зраўняцца з зелянінай ягонай, ніводнае дрэва ў садзе Божым не было падобным да яго прыгажосьцю сваёю. 
Я аздобіў яго мноствам галінаў, і зайздросьцілі яму ўсе дрэвы Эдэму, якія ў садзе Божым. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “За тое, што ён так высока вырас, і вершаліну сваю падняў аж да хмараў, і сэрца ягонае вывышалася з прычыны вялікасьці ягонай, 
Я аддам яго ў рукі моцнага сярод народаў, каб, учыняючы, учыніў яму адпаведна нягоднасьці ягонай, і Я выгнаў яго. 
І зрэзалі яго чужынцы, найгоршыя з народаў, і кінулі яго. На горы і на ўсе даліны пападалі галіны ягоныя, і гальлё ягонае паламанае патанула ў-ва ўсіх струмянях зямлі. І з-пад ценю ягонага выйшлі ўсе народы зямлі, і пакінулі яго. 
На руінах ягоных жывуць птушкі нябесныя, а між галінамі ягонымі — усе зьвяры палявыя, 
каб не вывышалася ў высокасьці сваёй ніводнае дрэва над водамі і не падымала вершаліны сваёй паміж хмарамі, і каб тыя, што напоеныя вадою, не станавіліся магутнымі ў вялікасьці сваёй. Бо ўсе яны аддадзеныя сьмерці, пойдуць у краіну падземную да тых сыноў чалавечых, якія зыходзяць у магілу”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “У дзень, калі ён зыйшоў у адхлань, Я ўчыніў жалобу, зачыніў над ім бездань, затрымаў рэкі ягоныя і спыніў воды вялікія; дзеля яго Я зацемніў Лібан, і ўсе дрэвы палявыя сохлі дзеля яго. 
Грукатам падзеньня ягонага Я ўстрывожыў народы, калі завёў яго ў адхлань да тых, што зыходзяць у магілу. І ўсьцешыліся ў краіне падземнай усе дрэвы Эдэму, прыгожыя і добрыя дрэвы Лібану, усе, якія напоены водамі. 
Таксама яны зыйшлі з ім у адхлань да забітых мячом і паплечнікаў ягоных, што сядзелі ў ценю ягоным сярод народаў. 
Да якога дрэва Эдэму ты падобны ў славе і велічы? І ты кінуты разам з дрэвамі Эдэму ў краіну падземную; сярод неабрэзаных ляжыш, сярод забітых мячом”. Гэта фараон і ўсё мноства ягонае, кажа Гос­пад ГОСПАД». 
