﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
29.
У дзясятым годзе, у дзясятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на фараона, валадара Эгіпту, і прароч супраць яго і супраць усяго Эгіпту, 
і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, фараон, валадар Эгіпту, цмок вялікі, які ляжыш сярод рэкаў сваіх і кажаш: “Для мяне рэкі мае, я іх зрабіў!” 
Я ўкладу крукі ў шчэляпы твае, і прыляплю рыбаў рэкаў тваіх да лускі тваёй, і выцягну з сярэдзіны рэкаў тваіх цябе і ўсіх рыбаў тваіх, якія прыстануць да лускі тваёй. 
І выкіну цябе ў пустыню, цябе і ўсіх рыбаў рэкаў тваіх, і ўпадзеш ты на аблічча поля, і ня будзеш сабраны, і ня будзеш зграмаджаны. Зьвярам зямлі і птушкам нябесным Я аддам цябе на жыраваньне. 
І даведаюцца ўсе жыхары Эгіпту, што Я — ГОСПАД, бо яны былі апорай з чароту для дому Ізраіля. 
Калі яны хапалі цябе далоняй, ты ламаўся і калечыў ім усю руку, а калі абапіраліся на цябе, ты ламаўся і хісталіся сьцёгны іхнія. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД. Вось, Я прывяду на цябе меч і вынішчу з цябе чалавека і быдла. 
І станецца зямля Эгіпецкая пусткай і руінаю, і даведаюцца яны, што Я — ГОСПАД, за тое, што ты сказаў: ”Мая рака, я яе зрабіў”. 
Дзеля гэтага, вось, Я супраць цябе і супраць рэкаў тваіх, і Я аддам зямлю Эгіпецкую пустошыць пусташэньнем, і яна будзе пусткаю ад Мігдолу аж да Сэвэны і аж да межаў Кушу. 
Ня пройдзе па ёй нага чалавека, і нага быдла ня пройдзе праз яе, і ня будзе яна абжытая сорак гадоў. 
І Я зраблю зямлю Эгіпецкую пусткаю паміж земляў спустошаных; а гарады ейныя будуць сярод гарадоў зруйнаваных, пусткаю сорак гадоў, і Я расьцярушу Эгіпцянаў паміж народамі, і раскідаю іх сярод земляў. 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі скончацца тыя сорак гадоў, Я зьбяру Эгіпцянаў спаміж народаў, сярод якіх Я расьцярушыў іх, 
і адмяню долю Эгіпту, і зьбяру іх у зямлі Патрос, у зямлі паходжаньня іхняга, і будуць яны там валадарствам слабым. 
Сярод валадарстваў будзе яно слабое, і ніколі не падымецца над народамі. Я зьменшу іх, каб не панавалі над народамі. 
Ня будзе больш яно надзеяй для дому Ізраіля, і яно будзе ім нагадваць беззаконьні іхнія, калі яны зьвярталіся да яго, і даведаюцца, што Я — Госпад ГОСПАД”». 
І сталася ў дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, даў войску свайму працу суп­раць Тыру; кожная галава палысела і кожнае плячо агалела, але ані ён, ані войска ягонае не атрымалі ад Тыру ўзнагароды за працу, якую выканалі суп­раць яго. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Вось, Я даю Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, зямлю Эгіпецкую, і ён забярэ багацьці ейныя, захопіць здабычу ейную і возьме яе сабе, і гэта будзе платай войску ягонаму. 
Як плату за выкананую там працу Я даю яму зямлю Эгіпецкую, бо для Мяне яны працавалі, кажа Госпад ГОСПАД. 
У той дзень Я вырашчу рог дому Ізраіля, і табе адчыню вусны твае сярод іх, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”». 
