﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
27.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«А ты, сыне чалавечы, узьнімі лямант дзеля Тыру 
і скажы Тыру, які жыве каля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах шматлікіх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Тыр, ты сказаў: “Я — карабель дасканалай прыгажосьці!” 
У сэрцы мора межы твае, будаўнікі твае збудавалі прыгажосьць тваю. 
З кіпарысаў Сэнірскіх пабудавалі табе ўсе барты, узялі кедры Лібанскія, каб зрабіць табе мачты, 
з дубоў Башанскіх зрабілі вёслы твае, паклад твой зрабілі з косьці слановай, з самшыта з астравоў Кіттым. 
З вісону аздобнага Эгіпецкага зрабілі ветразь твой, каб быў для цябе сьцягам. Блакіт і пурпур з астравоў Эліша былі накрыцьцём тваім. 
Жыхары Сідону і Арваду былі ў цябе весьлярамі. Мудрацы твае, Тыр, былі ў цябе, яны — мараплаўцы твае. 
Старшыні Гэбалю і мудрацы ягоныя былі пры табе, каб напраўляць пашкоджаньні твае. Усе караблі марскія і маракі іхнія былі пры табе, каб гандляваць таварамі тваімі. 
Пэрсы, Люд і Пут былі ў вой­ску тваім ваярамі. Шчыты і шаломы яны завешвалі ў цябе і дадавалі табе славы. 
Сыны Арваду і войска тваё былі кругом на мурах тваіх, а Гамадэйцы — на вежах тваіх; яны вешалі шчыты свае кругом на мурах тваіх, завяршаючы аздобу тваю. 
Таршыш гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацьця; срэбра і жалеза, цыну і волава давалі табе за тавары твае. 
Яван, Туваль і Мэшэк вялі гандаль з табой, душу чалавека і вырабы з медзі яны давалі за тавары твае. 
З Бэт-Тагармы прыводзілі коней, і вершнікаў, і мулаў за тавары твае. 
Сыны Дэдану вялі гандаль з табою, і шматлікія астравы гандлявалі з табою. Косьць слановую і дрэва гэбан прыносілі як даніну. 
Арам гандляваў з табою дзеля мноства вырабаў тваіх, давалі за тавары твае пэрліны, пурпур, рознакаляровыя тканіны, ядваб, каралі і рубіны. 
Юда і зямля Ізраіля вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае пшаніцу з Мініту, слодычы, мёд, алей і бальзам. 
Дамаск гандляваў з табой дзеля мноства вырабаў тваіх і мноства багацьця твайго, віно з Хэльбону і воўну з Цахару давалі табе. 
Дан і Яван з Уззалю за тавары твае давалі табе жалеза абробленае, цынамон і трысьнёг як тавары для гандлю твайго. 
Дэдан вёў гандаль з табою, дыванкі для сёдлаў даваў табе. 
Арабія і ўсе князі Кедару куплялі з рукі тваёй, ягнятамі, баранамі і казламі гандлявалі з табою. 
Купцы з Шэвы і Рамы вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае найлепшы бальзам, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата. 
Харан, Каннэ і Эдэн, купцы з Шэвы, Асірыі і Кільмаду гандлявалі з табой. 
Яны вялі гандаль з табою, прывозілі каштоўныя строі, плашчы з пурпуру, рознакаляровыя тканіны і дываны, скураныя моцныя шнуры на рынак твой. 
Караблі з Таршышу прывозілі да цябе тавары твае. І стаўся ты багаты і вельмі слаўны ў сэрцы мораў. 
У воды вялікія завялі цябе весьляры твае, вецер усходні разьбіў цябе ў сэрцы мораў. 
Багацьце тваё, тавары твае, гандаль твой, маракі твае і корнікі твае, тыя, што напраўляюць выломы твае, і тыя, што гандлююць таварам тваім, усе ваяры твае, якія ў табе, і ўсё войска тваё, якое пасярод цябе, патопяцца ў сэрцы мораў у дзень падзеньня твайго. 
Ад голасу крыку маракоў тваіх задрыжаць узьбярэжжы. 
І пазыходзяць з караблёў сваіх усе весьляры, маракі і ўсе корнікі марскія стануць на зямлі, 
і загалосяць дзеля цябе гучна, і будуць крычаць горка, і будуць сыпаць пыл на галовы свае, і будуць качацца ў попеле. 
І паголяць дзеля цябе галовы сабе, і падпярэжуцца зрэбніцай. І будуць плакаць па табе з горкай душой, галосячы горка. 
І ўзьнясуць па табе лямант, і будуць сьпяваць у жалобе: “Хто ж такі, як Тыр, які зруйнаваны пасярод мораў!” 
Калі тавары твае выходзілі з мора, ты карміў шмат народаў! Дзеля мноства багацьцяў тваіх і тавараў тваіх ты ўзбагаціў валадароў зямлі. 
Цяпер ты разьбіты ў моры, і ў глыбіні водаў тавары твае, і ўсё войска тваё, якое ў сярэдзіне цябе, загінула. 
Усе жыхары астравоў аслупянелі дзеля цябе, а валадары іхнія затрымцелі ад жаху, затрэсьліся абліччы іхнія. 
Купцы з розных народаў сьвішчуць дзеля цябе; стаўся ты страхоцьцем для іх, і ня будзе цябе на вякі”». 
