﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
25.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да сыноў Амона і прароч супраць іх. 
І скажаш сынам Амона: “Слухайце слова Госпада ГОС­ПАДА. Гэта кажа Госпад ГОС­ПАД. За тое, што ты казаў “Ага!” на сьвятыню Маю, бо яна апаганена, і на зямлю Ізраіля, бо яна спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю, 
вось, Я аддам цябе сынам Усходу ў спадчыну. І яны разложаць табары свае ў цябе, і паставяць сялібы свае ў цябе, яны будуць есьці плады твае і піць малако тваё. 
І Я зраблю Раббу пашаю для вярблюдаў, а сыноў Амона — логавішчам для авечак, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і цешыўся ў душы з усёй пагардай тваёй з зямлі Ізраіля, 
вось, Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе спаміж народаў, і вынішчу цябе спасярод земляў, і выгублю цябе, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Мааў і Сэір казалі: “Вось, дом Юды такі самы як усе іншыя народы”, 
вось, Я адкрыю шлях на ўзбоччы Мааву ад гораду і да гораду ягонага ў межах ягоных, да аздобы зямлі гэтай: Бэт-Ешымоту, Баал-Мэону і Кірыятаіму, 
і аддам іх разам з сынамі Амона ў спадчыну сынам Усходу, каб ня ўзгадвалі сыноў Амона між народамі. 
І Я ўчыню суды над Маавам, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Эдом гарэў помстай супраць дому Юды, і помсьцячы яму, правініўся віною, 
дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Я выцягну руку Маю супраць Эдому, і вынішчу ў ім чалавека і жывёлу, і аддам яго на спусташэньне, ад Тэману аж да Дэдану пагінуць ад мяча. 
І Я ўчыню помсту Маю Эдому паводле гневу Майго і паводле абурэньня Майго, і яны пазнаюць помсту Маю, кажа Госпад ГОСПАД”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: ”За тое, што Філістынцы рабілі Юдзе ў помсьце, і помсьцілі помстаю з пагардай у душы, і забівалі дзеля спрадвечнай нянавісьці, 
дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Вось Я выцягну руку Маю супраць Філістынцаў, выкарчую Керэтаў і зьнішчу рэшту ўзьбярэжжа марскога. 
І Я ўчыню ім помсту вялікую карамі лютымі. І яны даведаюцца, што Я — ГОС­ПАД, калі Я ўчыню ім помсту Маю”». 
