﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
24.
І было слова ГОСПАДА да мяне ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, кажучы: 
«Сыне чалавечы, напішы сабе імя дня гэтага, гэтага вось дня, бо валадар Бабілонскі ў дзень гэты пачаў аблогу Ерусаліму. 
І раскажы гэтаму дому бунтаўнікоў прыповесьць, і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Пастаў кацёл на агонь, пастаў і налі ў яго вады. 
Укінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі, кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі. 
І вазьмі на гэта найлепшых з авечак, падкладзі дровы пад спод так, каб аж косткі разварыліся”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві, катлу, на якім іржа і з якога ржа не зыходзіць. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам, жэрабя на іх ня будзе кідацца. 
Бо кроў ягоная ў сярэдзіне яго, ён разьліў яе на голай скале, ня выліў яе на зямлю, каб прыкрыць яе пылам. 
Каб распаліць гнеў і адпомсьціць помсту, Я разальлю кроў ягоную на голай скале, каб не была яна прыкрыта”. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Гора гораду крыві! Я таксама павялічу вогнішча. 
Назьбірай дроваў, распалі агонь, звары мяса, запраў прыправамі, і няхай косткі згараць. 
І пастаў гэты кацёл пусты на вугольлі, каб ён разагрэўся і разгарэлася медзь ягоная, каб у нутры ягоным растапілася нячыстасьць ягоная і каб зьнікла іржа ягоная. 
Дарэмная праца, і ня зыйдзе з яго мноства іржы, у агні застаецца іржа. 
У нячыстасьці тваёй распуста. Хоць Я чысьціў цябе, але ты не ачысьціўся ад нячыстасьці тваёй. Дзеля гэтага ня будзеш ачышчаны, пакуль не супакоіцца лютасьць Мая супраць цябе. 
Я, ГОСПАД, прамовіў, і прыйдзе гэта. І Я зраблю, не занядбаю, і ня буду мець літасьці, і ня буду мець спачуваньня. Будзеш асуджаны паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх, кажа Госпад ГОСПАД”». 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, вось, Я адбяру у цябе раптам радасьць вачэй тваіх, але ты не галасі і ня плач, і няхай не цякуць сьлёзы твае. 
Стагні моўчкі, не рабі жалобы па памёршым, завяжы турбан твой на сабе, азуй сандалы твае на ногі твае, не прыкрывай барады і ня еш хлеба жалобы». 
І прамаўляў я да народу раніцаю, а ўвечары памерла жонка мая. І я зрабіў назаўтра так, як мне загадана. 
І народ казаў мне: «Ці ня вытлумачыш нам, што зна­чыць для нас тое, што ты робіш?» 
І я сказаў ім: «Слова ГОС­ПАДА было да мяне, кажучы: 
“Скажы дому Ізраіля: "Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я апаганю сьвятыню Маю, велічнасьць сілы вашай, радасьць вачэй вашых, прагненьне душаў вашых. А сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, ад мяча загінуць. 
І вы гэтак зробіце, як я зрабіў: барады ня будзеце прыкрываць, ня будзеце есьці хлеба жалобы, 
турбаны вашыя будуць на галовах вашых і сандалы вашыя на нагах вашых, ня будзеце лямантаваць і ня будзеце плакаць, а будзеце сохнуць дзеля беззаконьняў вашых і будзеце стагнаць адзін перад адным. 
І будзе Эзэкіэль для вас знакам. Тое, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта прыйдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД". 
А ты, сыне чалавечы, у дзень, калі Я забяру ад іх сілу іхнюю і радасьць аздобы іхняй, і раскошу вачэй іхніх, і прагненьне душаў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх, 
ў той дзень прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць вушам тваім пра гэта. 
У той дзень адкрыюцца вусны твае перад уцекачом, і ты будзеш прамаўляць, і ня будзеш ужо немы. І ты будзеш для іх знакам, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”». 
