﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
21.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Ерусалім і скіруй слова супраць сьвятых месцаў, і прароч супраць зямлі Ізраіля. 
І скажы зямлі Ізраіля: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, і Я выцягну меч Мой з похваў, і ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка. 
Дзеля таго, што Я ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка, выйдзе меч Мой з похваў ягоных на ўсякае цела ад поўдня да поўначы. 
І даведаецца ўсякае цела, што Я, ГОСПАД, выцягнуў меч Мой з похваў ягоных, і ён да іх ужо ня вернецца”. 
А ты, сыне чалавечы, стагні, нібыта маеш сьцёгны паламаныя, у горычы стагні на вачах іхніх. 
І станецца, калі скажуць табе: “Чаму ты стогнеш?” — ты скажы: “Дзеля весткі, якая прыйдзе, і самлее кожнае сэрца, і аслабеюць усе рукі, і згасьне ўсякі дух, і ўсе калені захістаюцца, як вада”. Вось, яна прыходзіць, і станецца так, кажа Госпад ГОСПАД». 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад. Гавары: “Меч, меч завостраны і адшліфаваны; 
завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчэў”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам. 
І дадзены ён, каб быў вычышчаны, каб узяць яго рукою, меч гэты завостраны і адшліфаваны, каб быў ён у руцэ таго, які забівае. 
Крычы і галасі, сыне чалавечы, бо ён накіраваны супраць народу Майго, супраць усіх князёў Ізраіля. Яны аддадзеныя на меч разам з народам Маім. Таму ўдар сябе па сьцёгнах, 
бо выпрабаваньне надыйшло. І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Ён не ўстаіць, кажа Госпад ГОСПАД”. 
І ты, сыне чалавечы, прароч і ўдар далоняй у далонь, і няхай меч падвоіць, і няхай меч патроіць забітых. Гэта меч забіваньня вялікага, які паварочваецца навокал іх. 
Каб сэрца млела, каб па­мнажаліся забітыя, у-ва ўсіх брамах іхніх Я пастаўлю меч на зарэз, вычышчаны як бліскавіца, завостраны, каб забіваць. 
“Сячы направа і ўдарай налева, туды, куды вострыва тваё скіраванае”. 
І Я таксама буду біць далоняй Маёй у далонь, і заспакою лютасьць Маю. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта». 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«А ты, сыне чалавечы, вызнач два шляхі, па якіх пойдзе меч валадара Бабілонскага. Абодва выйдуць з адной зямлі. І пастаў дарожны знак, на пачатку шляху ў горад пастаў яго. 
Падрыхтуй шлях, па якім пойдзе меч у Раббу сыноў Амона і ў Юду, і ў Ерусалім умацаваны. 
Бо стаіць валадар Бабілонскі на раздарожжы, на пачатку двух шляхоў, каб атрымаць прадказаньне, ён кідае стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў і прыглядаецца да вантробаў. 
У правай руцэ ягонай прадказаньне: “Ерусалім”, каб паставіць тараны, адкрыць вусны ў крыку баявым, узь- няць голас гармідару ваеннага, паставіць тараны супраць брамаў, насыпаць вал і збудаваць вежы. 
І будзе падавацца марным у вачах іхніх прадказаньне гэтае, бо яны прысягаю запрысягнулі яму, але ён памятае пра беззаконьне іхняе, каб яны былі схопленыя. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Каб вы ўзгадалі беззаконьні вашыя, і каб злачынствы вашыя сталіся яўныя, і каб грахі вашыя ў-ва ўсіх паводзінах вашых былі відочныя, каб вы ўзгадалі гэта, далоняй варожай вы будзеце схопленыя”. 
А табе, нягодны бязбожнік, князь Ізраіля, якога дзень прыходзіць у час беззаконьня апошняга, 
гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Здымі мітру, скінь карону, бо гэтага ня будзе больш. Прыніжанае будзе ўзвышана, а ўзвышанае — прыніжана. 
Руіну, руіну, руіну зраблю з цябе; падобнага ня будзе, пакуль ня прыйдзе той, да якога належыць суд, і якому Я аддам яго”. 
А ты, сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД адносна сыноў Амона і адносна зьнявагі іхняй”. І скажаш: “Меч, меч выхаплены з похваў для забіваньня, адшліфаваны для вынішчэньня і бляску. 
У гэты час для цябе бачаць відзежы пустыя і прадказваюць падман, каб апусьціць меч на карак бязбожнікаў, якіх дзень прыйдзе ў час беззаконьня апошняга. 
Схавай вострыва ягонае ў похвы. У месцы, дзе ты быў створаны, і ў зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду судзіць цябе. 
І выльлю на цябе гнеў Мой, распалю супраць цябе ярасьць, і аддам цябе ў рукі людзей раз’ятраных для гвалту і зьнішчэньня. 
Ты будзеш спажывай для агню, кроў твая будзе пасярод зямлі, і не пакінеш пасьля сябе ўспаміну, бо Я, ГОСПАД, прамовіў гэта”». 
