﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
13.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Сыне чалавечы, прароч пра прарокаў Ізраіля, якія прарочаць, і кажы прарокам, якія прарочаць з сэрца свайго: “Слухайце слова ГОСПАДА. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора дурным прарокам, якія ходзяць паводле духа свайго, а нічога ня бачылі. 
Як лісы сярод руінаў прарокі твае, Ізраіль! 
Не ўзыходзілі вы ў выломы і не будавалі муроў вакол дому Ізраіля, каб ён стаяў у бітве ў дзень ГОСПАДА”. 
Яны бачаць марнасьць і прарочаць фальшыва, кажучы: “Кажа ГОСПАД”, а ГОСПАД не пасылаў іх, і яны чакаюць, што споўніцца слова іхняе. 
Ці ня мелі вы відзежаў марных і ці не казалі вы прароцтваў фальшывых, і казалі: “Кажа ГОСПАД”, а Я не прамаўляў гэтага. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “За тое, што вы прамаўлялі марноту і бачылі падман, вось, Я супраць вас, кажа Госпад ГОСПАД. 
І будзе рука Мая суп­раць прарокаў, якія ба­чаць марнасьць і прадказваюць падман. Ня бу­дуць яны належаць да народу Майго і ня будуць упісаныя ў сьпіс дому Ізраіля, і ня ўвойдуць у зямлю Ізраіля, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”. 
За тое вось, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Мір”, а міру няма, і калі будаваўся мур, яны тынкавалі яго, 
скажы тым, якія тынкуюць мур: “Тынк адваліцца. Пойдзе дождж залеўны, і будзе падаць град, і падымецца гвалтоўны вецер, 
і вось, мур абрынецца. І ці вам ня скажуць: "Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?"” 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Я прывяду вецер гвалтоўны ў лютасьці Маёй, і пойдзе дождж улеўны ў гневе Маім і град — у абурэньні Маім, каб зьнішчыць усё. 
І Я развалю той мур, які вы атынкавалі, і павалю яго на зямлю, так што будзе відзён падмурак ягоны, і ён абрынецца, а вы пад ім загінеце. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД. 
Я выльлю лютасьць Маю на мур і на тых, якія яго тынкуюць, і скажу вам: "Дзе мур і дзе тыя, якія яго тынкуюць? 
Дзе прарокі Ізраіля, якія прарочаць пра Ерусалім, і ба­чаць пра яго відзежы міру? І дзе мір?" — кажа Госпад ГОСПАД”. 
А ты, сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на дочак народу твайго, якія прарочаць з сэрца свайго, і прароч супраць іх. 
І скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора тым, якія шыюць стужкі на ўсе локці рук сваіх і робяць хусткі ўсякага кшталту на галовы, каб лавіць душы. Вы ловіце душы народу Майго, а душы свае хочаце захаваць пры жыцьці? 
Вы зьнеслаўляеце Мяне перад народам Маім за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія ня маюць жыць, калі падманваеце народ Мой, які слухае падман. 
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД. Вось, Я супраць стужак вашых, якімі вы ловіце душы, як птушак, і Я пазрываю іх з рамёнаў вашых, і выпушчу душы, якія вы злавілі, як птушак. 
І Я пазрываю хусткі вашыя і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш ня будзе ён здабычай у руках вашых, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД. 
За тое, што вы хлусьнёю засмучалі сэрца праведніка, хоць Я не засмучаў яго, і ўмацоўвалі рукі бязбожніка, каб ён не навярнуўся ад шляху ліхога свайго і жыў, 
ня будзеце мець відзежаў марных і ня будзеце больш прадказваць прадказаньні, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”». 
