﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
6.
І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: 
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на горы Ізраіля і прароч супраць іх, 
і кажы: “Горы Ізраіля, слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД гарам і ўзгоркам, ярам і лугам. Вось, Я прывяду на вас меч і зьнішчу ўзгоркі вашыя, 
і будуць зруйнаваныя ахвярнікі вашыя і паразьбіваныя слупы вашыя, і Я кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі. 
І Я палажу трупы сыноў Ізраіля перад ідаламі вашымі, і косткі вашыя параскідаю вакол ахвярнікаў вашых. 
У-ва ўсіх месцах пражываньня вашага гарады будуць зруйнаваныя, узгоркі зьнішчаныя, ахвярнікі вашыя будуць апаганеныя і зруйнаваныя, ідалы вашыя паразьбіваныя і панішчаныя, а слупы вашыя паламаныя, і згінуць усе справы вашыя. 
І будуць падаць сярод вас забітыя, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД. 
Але Я пакіну вам пры жыцьці сярод народаў тых, якія выратуюцца ад мяча, калі расьцярушу вас сярод земляў чужых. 
Тыя, што застануцца пры жыцьці, будуць памятаць пра Мяне сярод народаў, куды будуць пераселеныя, бо Я скрышу сэрца іхняе чужаложнае, якое адступіла ад Мяне, і вочы іхнія, якія чужаложаць з ідаламі. І яны будуць брыдзіцца самімі сабою дзеля бязбожнасьці, якую чынілі ў-ва ўсіх брыдотах сваіх. 
І даведаюцца яны, што Я — ГОСПАД, і што не дарма Я прамаўляў да іх, што ўчыню супраць іх гэтае ліха”. 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Ударай у далоні твае, і тупай нагою тваёй, і кажы: "Гора дзеля ўсякіх брыдотаў ліхіх дому Ізраіля, бо будуць яны падаць ад мяча, голаду і заразы". 
Той, які далёка, — памрэ ад заразы; той, які блізка, — загіне ад мяча, а той, што застанецца ў горадзе і будзе выратаваны, — памрэ ад голаду. І Я заспакою лютасьць Маю на іх. 
І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі забітыя вашыя будуць ляжаць паміж ідалаў вашых, вакол ахвярнікаў вашых, на кожным узгорку высокім, на ўсіх вяршынях горных, пад кожным дрэвам зялёным і пад кожным рассахатым дубам, дзе складалі вы пахкія каджэньні ўсім ідалам сваім. 
І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню зямлю гэтую ў бязьлюдзьдзе і пустэчу, ад пустыні аж да Рыўлі, у-ва ўсіх месцах пражываньня іхняга, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”». 
