﻿ЭЗЭКІЭЛЬ.
3.
І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, зьеш тое, што знайшоў, зьеш скрутак гэты, і ідзі прамаўляць да дому Ізраіля». 
І я адчыніў вусны мае, і Ён даў мне зьесьці скрутак гэты, 
і сказаў мне: «Сыне чалавечы, накармі жывот твой і напоўні нутро тваё скруткам гэтым, які Я даю табе». І я зьеў яго, і быў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд. 
І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, ідзі да дому Ізраіля і прамаўляй да іх словамі Маімі. 
Бо ты пасланы не да народу з цяжкім языком і чужой мовай, але да дому Ізраіля. 
Не да мноства народаў з чужой мовай і цяжкім языком, што ты не разумееш словаў іхніх. Калі б да іх Я паслаў цябе, яны б слухалі цябе. 
Аднак дом Ізраіля не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне; бо ўвесь дом Ізраіля мае цьвёрды лоб і закамянелае сэрца. 
Вось, Я даў табе аблічча тваё цьвярдзейшае, чым абліччы іхнія, і лоб твой цьвярдзейшы, чым ілбы іхнія. 
Як той дыямэнт, цьвярдзейшы ад крэменя, Я даў табе лоб твой. Ня бойся іх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны — дом бунтаўнікоў». 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, усе словы Мае, якія Я прамаўляў да цябе, вазьмі ў сэрца тваё, і слухай вушамі тваімі. 
І ідзі да выгнанцаў, да сыноў народу твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”, ці будуць яны слухаць, ці адмовяцца». 
І падхапіў мяне дух, і я пачуў за сабой голас грымоту вялікага: «Дабраслаўлёная слава ГОСПАДА», калі яна падымалася з месца свайго, 
і шум крылаў істотаў жывых, якія біліся адно аб адно, і гук колаў разам з імі, і голас грымоту вялікага. 
І дух падняў мяне, і забраў мяне; і я пайшоў раздражнёны і зьбянтэжаны ў духу маім, а дужая рука ГОСПАДА была на мне. 
І я прыйшоў да выгнанцаў у Тэль-Авіве, якія жылі над ракою Кевар, і сядзеў там, дзе яны сядзяць, і жыў там сем дзён сярод іх аслупянелы. 
І сталася, калі мінула сем дзён, было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: 
«Сыне чалавечы, Я паставіў цябе вартаваць дом Ізраіля. І ты пачуеш слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх ад Мяне. 
Калі Я скажу бязбожніку: “Ты сьмерцю памрэш”, а ты яго не перасьцеражэш і ня будзеш казаць яму, каб адвесьці бязбожніка ад бязбожнага шляху ягонага, каб ён жыў, бязбожнік той памрэ за беззаконьні свае, але Я буду шукаць на руках тваіх кроў ягоную. 
А калі ты перасьцеражэш бязбожніка, але ён не адвернецца ад бязбожнасьці сваёй і ад шляху бязбожнага свайго, ён памрэ за беззаконьні свае, а ты збавіш душу тваю. 
Калі праведнік адступіць ад праведнасьці сваёй і ўчыніць грэх, Я дам спатыкненьне перад абліччам ягоным, і ён памрэ, бо ты не перасьцярог яго. За грэх свой ён памрэ, і праведнасьць, якую ён рабіў, ня будзе ўзгадана, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках тваіх. 
А калі ты перасьцеражэш праведніка, каб праведнік не грашыў, і калі ён не саграшыць, ён будзе жыць, бо прыняў перасьцярогу, а ты збавіш душу тваю». 
І была там на мне рука ГОСПАДА, і Ён сказаў мне: «Устань, выйдзі ў даліну, там Я буду прамаўляць да цябе». 
І я ўстаў, і пайшоў у даліну, і вось, там была слава ГОСПАДА, такая, як слава, якую я бачыў над ракою Кевар. І я ўпаў на аблічча маё. 
І ўвайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае. І Ён прамовіў да мяне, і сказаў: «Ідзі, зачыніся ў сярэдзіне дому твайго. 
І вось, сын чалавечы, будуць ускладзеныя на цябе вяроўкі, і ты будзеш зьвязаны імі, і ня выйдзеш спасярод іх. 
І язык твой Я прыляплю да паднябеньня твайго, і будзеш ты нямы. І ня будзеш для іх чалавекам, які дакарае, бо яны — дом бунтаўнікоў. 
Калі Я буду прамаўляць да цябе, Я адкрыю вусны твае, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”. Хто хоча слухаць, няхай слухае, а хто адмаўляецца, той няхай адмаўляецца, бо гэта дом бунтаўнікоў. 
