﻿КНІГА ПРАРОКА ЭЗЭКІЭЛЯ.
1.
 І сталася ў трыццатым годзе, у чацьвёртым месяцы, у пятым дні месяца, і я стаяў сярод выгнанцаў над ракою Кевар. Адкрыліся нябёсы, і я бачыў відзеж Божы. 
У пяты дзень месяца, а гэта быў пяты год палону валадара Егаякіма, 
было слова ГОСПАДА да Эзэкіэля, сына Бузі, сьвятара, у зямлі Халдэйцаў над ракою Кевар. І была там над ім рука ГОСПАДА. 
І я ўбачыў, і вось, вецер гвалтоўны прыйшоў з поўначы, і хмара вялікая, і агонь палючы, і зьзяньне кругом, а ў сярэдзіне ягонай — нібыта бурштын, які зьзяе ў сярэдзіне агню. 
А ў сярэдзіне ягонай было падабенства чатырох істотаў жывых; і мелі яны выгляд чалавека. 
І кожная мела чатыры абліччы, і кожная мела чатыры крылы. 
Ногі іхнія — ногі простыя, а стопы ног іхніх — як стопы ног цяляці; і блішчэлі яны, як медзь блішчастая. 
Пад крыламі іхнімі былі рукі людзкія па чатырох баках іхніх. Абліччы і крылы былі ў-ва ўсіх чатырох. 
І крылы іхнія прылягалі адны да другіх, і яны не адварочваліся, калі ішлі; кожная істота ішла проста перад абліччам сваім. 
Абліччы іхнія выглядалі як аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку чатырох істотаў, і як аблічча вала з левага боку чатырох істотаў, і як аблічча арла ў чатырох істотаў. 
Абліччы іхнія і крылы іхнія былі скіраваныя ўгару, два крылы прылягалі адзін да аднаго, а два акрывалі целы іхнія. 
І кожная істота ішла проста перад аблічча сваё, яны ішлі туды, куды іх Дух вёў, і ідучы, не адварочваліся ў хадзе сваёй. 
А выгляд тых істотаў жывых — быццам гарачыя вуглі распаленыя, падобныя да паходняў, якія рухаюцца між тымі істотамі жывымі. Агонь зьзяў, і з агню выходзілі маланкі. 
І істоты жывыя ішлі і варочаліся назад, нібы маланкі. 
І я бачыў тыя істоты жывыя, а вось, адно кола на зямлі пры кожнай з тых чатырох істотаў жывых. 
Выгляд тых колаў і выраб іхні — як выгляд хрызаліту, і ўсе чатыры мелі той самы выгляд, і выгляд іхні і выраб, нібыта адно кола было ў другім. 
Яны ішлі ў хадзе сваёй на чатыры бакі; а калі ішлі, не адварочваліся ў хадзе сваёй. 
Абруч іхні быў велізарны; і выгляд іх і абручоў іхніх у-ва ўсіх чатырох быў поўны вачэй кругом. 
А калі ішлі гэтыя істоты жывыя, ішлі колы іхнія разам з імі. Калі істоты падымаліся з зямлі, падымаліся таксама колы. 
Куды кіраваў іх Дух, каб ішлі, яны ішлі туды, куды Дух хацеў ісьці, і колы падымаліся з імі, бо дух істоты жывой быў у колах. 
Калі рухаліся істоты, рухаліся колы, а калі спыняліся, і колы спыняліся; калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся, бо дух істотаў жывых быў у колах. 
Над галовамі гэтых істотаў жывых было штосьці, быццам прасьцяг неба, быццам крышталь, які ірдзее, раскінуты над галовамі іхнімі ўгары. 
А пад прасьцягам былі ўзьнятыя крылы іхнія, адно побач другога; і кожная істота мела па два крылы, якімі закрывалі целы свае. 
Калі яны ішлі, чуўся шум крылаў іхніх, як шум мноства водаў, як голас Усемагутнага, голас гоману, як гармідар табару вайсковага; а калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя. 
І быў голас па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі. А калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя. 
А па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі, было штосьці, падобнае да пасаду, што мела выгляд камяня шафіру, і на тым падабенстве пасаду — быццам постаць чалавека на ім угары. 
І ўбачыў я нібыта бляск бурштыну і нібыта выгляд агню ўнутры яго наўкола, пачынаючы ад таго, што выглядала як сьцёгны, і вышэй. А ўніз ад таго, што выглядала як сьцёг­ны, бачыў я штосьці, як агонь, і бляск вакол яго. 
Як зьяўленьне вясёлкі на воблаках у дзень дажджлівы, такі быў выгляд бляску таго наўкола. Ён меў выгляд, падобны да славы ГОСПАДА. І я ўбачыў яе, і ўпаў на аблічча маё, і пачуў голас, які прамаўляў. 
