﻿ПЛАЧ.
5.
Узгадай, ГОСПАДЗЕ, што сталася з намі; гледзячы, узглянь і пабач ганьбу нашую. 
Спадчына нашая перададзеная чужым, дамы нашыя — чужынцам. 
Мы сталіся сіротамі; няма бацькі, маці нашыя — як удовы. 
Ваду сваю мы п’ем за срэбра, дровы нашыя прадаюць нам на грошы. 
Перасьледвальнікі на шыі нашай, мы цяжка працуем, ня маем супачынку. 
Мы выцягнулі руку сваю да Эгіпту і да Асірыі, каб насыціцца хлебам. 
Бацькі нашыя грашылі; і іх няма, і беззаконьні іхнія мы носім. 
Слугі пануюць над намі, і няма нікога, хто вызваліць нас з рукі іхняй. 
Прыносім хлеб свой, наражаючы душу сваю на меч у пустыні. 
Скура нашая распаленая, як печ, ад палючага голаду. 
Жанчын гвалцілі на Сыёне, дзяўчат — у гарадах Юды. 
Князі павешаныя рукамі іхнімі, абліччы старых ня маюць пашаны. 
Юнакі носяць камяні млыновыя, хлопцы спатыкаюцца, носячы дровы. 
Старыя больш не сядзяць у брамах, юнакі не сьпяваюць. 
Спынілася вясёласьць сэрца нашага, перамяніліся ў жалобу карагоды нашыя. 
Звалілася карона з галавы нашай; гора нам, бо мы саграшылі. 
Дзеля гэтага млявае сэрца нашае, дзеля гэтага зацемраныя вочы нашыя, 
бо спустошаная гара Сыён, лісы ходзяць па ёй. 
Ты, ГОСПАДЗЕ, трываеш на вякі, пасад Твой — з пакаленьня ў пакаленьне. 
Чаму Ты забыўся на нас назаўсёды, пакінуў нас на доўгія дні? 
Навярні нас да Сябе, ГОСПАДЗЕ, і мы навернемся; аднаві дні нашыя, як даўней было. 
Няўжо Ты, адкідаючы, адкінуў нас? Няўжо Ты загневаўся на нас аж так моцна?
