﻿ПЛАЧ.
4.
Як пацямнела золата, як зьмянілася шчырае золата добрае! Камяні сьвятыні параскіданыя на ростанях усіх вуліцаў. 
Сыны Сыёну, каштоўныя, якія цэняцца як золата найчысьцейшае, цяпер лічацца за посуд гліняны, за працу рук ганчара! 
Нават цмокі марскія даюць грудзі, кормяць дзіцянят сваіх; а дачка народу майго сталася бязьлітаснай, як страус у пустыні. 
Язык немаўляці ліпне да паднябеньня ад смагі; дзеткі просяць хлеба, і няма нікога, хто адломіць ім кавалак. 
Тыя, што елі прысмакі, зьнемагаюць на вуліцах; тыя, што апраналіся ў пурпур, абдыма­юць купы гною. 
І павялічылася беззаконьне дачкі народу майго болей за грэх Садому, які быў перакулены ў адзін момант, і рукі не дакраналіся да яго. 
Назіры ейныя былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако, целы іхнія былі чыр­ванейшыя за каралі; яны выглядалі як шафір. 
А цяпер выгляд іхні цямнейшы за сажу; не пазнаюць іх на вуліцах; скура іхняя прыліпла да костак іхніх, высахла, сталася як дрэва. 
Лепш было забітым мячом, чым забітым голадам, бо тыя канаюць, прабітыя мячом, а гэтыя — з нястачы пладоў палявых. 
Рукі жанчынаў чульлівых варылі дзетак сваіх, якія сталіся ежаю для іх у час загубы дачкі народу майго. 
ГОСПАД скончыў гнеў Свой, выліў палючы гнеў Свой і запаліў агонь на Сыёне, і ён зжэр падваліны ягоныя. 
Ня верылі валадары зямныя і ўсе жыхары сусьвету, што прыгнятальнік і вораг увойдзе ў брамы Ерусаліму. 
За грахі прарокаў ягоных, за беззаконьні сьвятароў ягоных, якія разьлівалі пасярод яго кроў праведных, сталася гэта. 
Яны бадзяліся па вуліцах як сьляпыя, яны заплямленыя крывёю; ніхто ня мог дакранацца да адзеньня іхняга. 
«Адыйдзіцеся, нячыстыя!» — крычалі на іх. — «Адыйдзіцеся, адыйдзіцеся, не дакранайцеся!» І яны ўцяклі і бадзяліся; і казалі між народамі: «Яны больш ня будуць тут жыць». 
Аблічча ГОСПАДА расьцярушыла іх, Ён больш ня будзе глядзець на іх, бо яны абліччы сьвятароў не падымаюць і старым не спагадаюць. 
Выцяклі вочы нашыя, марна чакаючы дапамогі; на варце сваёй выглядалі мы народ, які ня можа збавіць. 
Яны палююць на крокі нашыя, каб мы не маглі хадзіць па вуліцах нашых. Канец наш блізка; споўніліся дні нашыя, бо прыйшоў канец наш. 
Хутчэйшыя за арлоў паднебных былі перасьледвальнікі нашыя, па гарах гналіся за намі, у пустыні рабілі засаду на нас. 
Дух ноздраў нашых, памазанец ГОСПАДА злоўлены ў ямы іхнія, а мы казалі пра яго: «У ценю ягоным будзем жыць між народамі». 
Весяліся і радуйся, дачка Эдому, якая жывеш у зямлі Уц! Да цябе таксама дойдзе келіх, нап’ешся і аголішся. 
Скончылася беззаконьне тваё, дачка Сыёну! Ён ня будзе больш выганяць цябе ў палон. Ён наведае беззаконьні твае, дачка Эдому, адкрые грахі твае. 
