﻿ЯРЭМІЯ.
52.
Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі заваладарыў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны. 
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Егаякім. 
Бо сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, бо Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І збунтаваўся Сэдэкія супраць валадара Бабілонскага. 
І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён і ўсё войска ягонае, да Ерусаліму і аблажыў яго, і пабудаваў кругом яго валы. 
І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі. 
У чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца запанаваў голад у горадзе, і не было хлеба для народу зямлі. 
І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з гораду ўначы праз браму між падвойным мурам, які каля саду валадара, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны дарогай у бок Арабы. 
І войска Халдэйскае гналася за валадаром, і дагналі Сэдэкію ў стэпе каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае рассыпалася ад яго. 
І схапілі валадара, і завялі яго ў Рыўлю ў зямлі Хамат да валадара Бабілонскага, і ён выдаў на яго прысуд. 
І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах ягоных, а таксама ўсіх князёў Юды пазабівалі ў Рыўлі. 
І Навухаданосар вырваў вочы Сэдэкіі і закаваў яго ў кайданы, і завёў яго валадар Бабілонскі ў Бабілон, і ўкінуў у вастрог аж да дня сьмерці ягонай. 
А ў пятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, а быў гэта дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, які стаяў перад абліччам валадара Бабілонскага. 
І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём. 
І зруйнавала ўвесь мур вакол Ерусаліму войска Халдэйскае, якое было з начальнікам целаахоўнікаў. 
А галоту народу і рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да валадара Бабілонскага, і рэшту людзей простых выгнаў у няволю Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў. 
А некаторых з галоты народу зямлі пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, як вінаградараў і земляробаў. 
І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія былі ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое было ў Доме ГОСПАДА, і ўсю медзь вывезьлі ў Бабілон. 
І ўзялі яны катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім карысталіся пры служэньні. 
І місы, папяльніцы, крапільніцы, збаны, сьвечнікі, келіхі і лыжкі, і што было з золата, усё золата, і што было са срэбра, усё срэбра забраў начальнік целаахоўнікаў. 
І два слупы, адно мора, дванаццаць валоў мядзяных, медзь ад падставаў, якія зрабіў для Дому ГОСПАДА валадар Салямон, і нельга было зважыць медзі з усіх тых рэчаў. 
Слупы былі такія: васямнаццаць локцяў вышыні адзін слуп, і шнур у дванаццаць локцяў апаясваў яго, таўшчыня ягоная — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне — пусты. 
На ім была галавіца з медзі, а вышыня адной галавіцы — пяць локцяў, і сеціва, і яблыкі гранатовыя кругом галавіцы, усё з медзі. І другі слуп быў такі самы, і яблыкі гранатовыя. 
І было дзевяноста шэсьць яблыкаў гранатовых уздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў гранатовых. 
І схапіў начальнік целаахоўнікаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і сьвятара-намесьніка Цэфанію, і трох прыдзьвернікаў. 
А ў горадзе схапіў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і сем чалавек, якія бачаць аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара начальніка войска, які рабіў попіс народу зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе. 
І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў іх да валадара Бабілонскага ў Рыўлю. 
І забіў іх валадар Бабілонскі, і замардаваў іх у Рыўлі ў зямлі Хамат. І быў выгнаны Юда з зямлі сваёй. 
Вось народ, які выгнаў у няволю Навухаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры Юдэі; 
у васямнаццатым годзе Навухаданосара — васемсот трыццаць дзьве душы з Ерусаліму; 
у дваццаць трэцім годзе Навухаданосара Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў у няволю семсот сорак пяць душаў Юдэяў. Усіх разам — чатыры тысячы шэсьцьсот душаў. 
І сталася ў трыццаць сёмым годзе выгнаньня Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты дзень месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, калі заваладарыў, падняў галаву Егаяхіну, валадару Юды, і вывеў яго з вязьніцы. 
І ён прамаўляў да яго добра, і ўзьняў пасад ягоны па-над пасады валадароў, якія былі з ім у Бабілоне. 
І зьняў Егаяхін шаты свае вязьнічныя, і еў хлеб заўсёды перад абліччам ягоным у-ва ўсе дні жыцьця свайго. 
І адносна ежы ягонай, ежа заўсёды давалася яму ад валадара Бабілонскага дзень у дзень аж да сьмерці ягонай у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.
